Ільвяня Джоні цяпер будзе жыць у гарадзенскім заапарку
Ільвяня набылі па абмене паміж заапаркамі. Замест яго ў заапарку на колах паселяцца рысь і дзікабраз.
Дырэктар заапарка Алег Ігаравіч Жданкін шукаў ільва ўжо каля года:
“З гэтым заапаркам мы супрацоўнічаем упершыню. Аб абмене дамовіліся з кіраўніцтвам загадзя. Нарадзілася ільвяня і мы прывезлі яго ў Гродна, як толькі стала магчыма забраць яго ў маці”.
Абмен жывёламі паміж заапаркамі – нармальная сусветная практыка. Як толькі ў заапарку з’яўляецца прыплод, яго разглядаюць як рэзерв для абмену. Купіць льва ў Беларусі цяпер цяжка. Камерцыйны кошт такой жывёлы складае каля 2500 даляраў.
У Беларусі часцей за ўсё практыкуецца менавіта абмен паміж заапаркамі. Акрамя гэтага магчыма набыццё жывёл за грошы ў заапаркаў ці ў замежных камерцыйных структур.
Пол такога маленькага дзіцянятка ільва адрозніць даволі цяжка. Адметных візуальных прыкмет пакуль не відаць. Толькі з дапамогай агляду спецыялістаў у перасоўным заапарку змаглі вызначыць, што гэта самец.
“У заапарку была вельмі цікавая гісторыя з Персеяй. Калінінградскі заапарк трохі пераблытаў і прадаў, не гледзячы, нам і віцебскаму заапарку двух ільвянят. Усюды ў дакументах было пазначана, што гэта хлопчык. А потым, калі ён падрос, мы зразумелі, што ў нас не Персей, а Персея”, – расказвае дырэктар заапарка.
Ужо хутка Джоні пачнуць выпускаць у асобны вонкавы бар’ер па чарзе з пумай. Па словах работнікаў заапарка, у агульную клетку яго пускаць яшчэ рана. Невядома, як будуць сябе паводзіць дарослыя жывёлы. Па-другое, яны могуць забіраць у яго ежу. Ільвяня павінна з’ядаць у суткі да 2 кг мяса.
Цяпер у заапарку гэта трэці леў. Акрамя яго ўжо ёсць дзве ільвіцы – Персея і Саяна. Яны яшчэ не давалі патомства. Хутка ў заапарку можа з’явіцца казуля. Жывёла траўмавана і для захавання гэтага віду яе могуць прыняць у Гродзенскім заапарку.
Сітуацыю са сланом Алег Ігаравіч называе больш складанай. Цяпер нашым заапаркам накіравана заяўка ў Еўрапейскую асацыяцыю заапаркаў і акварыўмаў (EAZA). Яна знаходзіцца на стадыі разгляду.
Здымкі аўтаркі