У Беларусі могуць забараніць паліць у кавярнях і рэстаранах
Паводле начальніка аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭіГЗ) Вольгі Бартман, па папярэдніх выніках сацдаследавання 2012 года, у Беларусі курыць 30,5% насельніцтва: 46,8% мужчын і 16,2% жанчын.
Дзякуючы захадам па супрацьстаянні паленню, з 2001 года колькасць курцоў знізілася больш як на 10%.
Цяпер забарону на паленне плануецца ўвесці ва ўстановах грамадскага харчавання – кавярнях, барах, рэстаранах, іншых установах сферы абслугоўвання і, магчыма, гатэльнага бізнесу. Акрамя таго, мяркуецца даць мясцовым уладам паўнамоцтвы на ўвядзенне абмежаванняў на паленне на іншых тэрыторыях.
Найболей эфектыўнымі мерамі супраць курэння, паводле слоў Бартман, з’яўляюцца павелічэнне цаны на тытунёвыя вырабы і абмежаванне месцаў продажу тытуню.
“Цыгарэты трэба прадаваць у спецыялізаваных магазінах або секцыях, — заявіла яна. — А тое, што вы цяпер бачыце над касамі, усё ж з’яўляецца скрытай рэкламай”.
Новаўвядзенні чакаюцца ў наступным альбо 2014 годзе.
Паводле http://by.belapan.by
Здымак Fotolia/PhotoXPress.ru