Чаму вы размаўляеце па-беларуску? “Шкада паэтаў 20-х…”

|

Некалькі юнакоў і дзяўчат пагадзіліся адказаць на пытанні:

 

Калі і чаму вы вырашылі размаўляць па-беларуску?

Як рэагуюць на беларускую мову акружаючыя?

Ці шмат у вас беларускамоўных знаёмых?

Што вы думаеце пра беларусаў, якія не любяць беларускай мовы?

 

Станіслаў:

Я пачаў размаўляць па-беларуску ў 16 год. Я беларус, мая мова беларуская. Наогул рэакцыя вакол станоўчая, абсалютная большасьць разумее неабходнасць сваёй мовы як нацыятворчага фактару.

Я ведаю некалькі дзясяткаў маладых людзей, за якiмі будучыня ў гэтай краіне. Тым, хто не любіць беларускай мовы, спачуваю, спрабуючы адкрыць вочы на вiдавочнае – без сваёй мовы і культуры не будзе нацыі.

 

Сяргей:

Размаўляю з 2011 года. Людзі да гэтага ставяцца па-рознаму… Здаецца, часцей станоўча.

Беларускамоўных даволі шмат ведаю. Праўда, яны не заўсёды гавораць на мове на працы. А тыя, хто яе не любяць – яны не грамадзяне!

 

Эмілія:

Гадоў у 16 пачала больш чытаць. Паразумнела, калі можна сказаць так. Складана зараз узгадаць, неяк проста адчула тое, што бліжэй.

Рэакцыя ў людзей розная. Перш за ўсё – здзіўленне. Часта не разумеюць, ад таго злуюцца, некаторыя думаюць, што я ўкраінка. Ёсць і аматары сцёбу: “Ой, а як будзе па-беларуску «я роділся за проволкой»?” – аднойчы ў траліку запытаўся сталы мужык. Раней я на гэта злавалася, а зараз магу “патроліць”.

А ўвогуле мне пераважна трапляюцца людзі, якіх мова цікавіць, яны адчуваюць яе значнасць і вартасць. Проста па розных прычынах не размаўляюць, у большасці спасылаюцца на рускамоўнае асяроддзе, маўляў “гаварыць няма з кім”.

Людзей, якія размаўляюць выключна на беларускай мове, без пераходаў на рускую ў залежнасці ад сітуацыі – надзвычай мала.

“Не ведаць роднай мовы можа толькі госць, ідыёт альбо акупант, які насаджвае ўласную мову”.

 

Павел:

У гадоў 16 пачаў размаўляць… Не ведаю, шкада стала літаратараў 1920-х гадоў, іх спраў. Таксама ўзнікла жаданне паказаць, што не адны ўкраінцы так могуць.

Людзі ставяцца па-рознаму. Хтосці кажа: “Ваў! Класна!..”, а адзін мужык хацеў морду набіць.

Я ведаю чалавекі тры беларускамоўных. Не вельмі шмат…

На апошняе пытанне магу адказаць коратка: дурныя людзі.

 

Аксана:

Пачала ў школе, у 10 класе. Адна сяброўка прапанавала жыць толькі беларускай мовай… І ў мяне атрымалася.

Некаторыя здзіўляюцца, смяюцца, не разумеюць… Некаторыя застаюцца ў захапленні (каб пералічыць такіх людзей, хопіць пальцаў адной рукі).

Іншых беларускамоўных ведаю вельмі мала, гэта мае лепшыя сябры.

Тыя, хто не любіць мовы, гэта не беларусы, гэта людзі з нікчэмнай адзнакай у пашпарце.

 

На якой мове размаўляць – асабісты выбар кожнага. Але не любіць мову сваёй краіны – як мінімум дзіўна. Дзіўна і тое, што беларуская гаворка выклікае ў Беларусі здзіўленне і нават абурэнне. Цяпер для моладзі ёсць выдатны шанец вылучыцца з натоўпу і звярнуць на сябе ўвагу. Дастаткова проста загаварыць на беларускай мове.