Орхускі цэнтр у Гродне нарэшце адкрыўся
Цэнтр створаны ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”.
На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі Мінпрыроды, Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Аблвыканкама, ПРААН/ААН, Прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь.
Па словах каардынатаркі праекта Наталлі Губскай, цэнтр будзе садзейнічаць распаўсюджванню інфармацыі аб заканадаўстве Беларусі і літаратуры па пытаннях, што тычацца аховы навакольнага асяроддзя. На базе цэнтра сфарміраваны бібліятэчны фонд, дзе кожны жадаючы зможа атрымаць інфармацыю па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
Таксама Орхускі цэнтр мае ўласную вэб-старонку, дзе размяшчаецца інфармацыя аб навінах, актуальных для Гродна і Гарадзеншчыны ў сферы рэалізацыі Орхускай канвенцыі.
Як заявіў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Ліс, выбар абласнога цэнтра абумоўлены найбольш аптымальнымі ўмовамі для яго размяшчэння. Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапанаваў размясціць цэнтр на базе прыродаахоўнай установы. Важным фактарам таксама з’явілася наяўнасць на тэрыторыі вобласці стратэгічных АЭС і ГЭС.
Адна з важных функцый цэнтра – распрацоўваць і ўносіць у дзяржаўныя органы прапановы па забеспячэнні ўдзелу грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступу да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя.
На базе цэнтра плануецца праводзіць прэзентацыі, семінары, круглыя сталы і трэнінгі па пытаннях выканання праграм і праектаў, звязаных з рэалізацыяй Орхускай канвенцыі ў Беларусі.
Што тычыцца прыняцця спецыялістамі Орхускага цэнтра ўдзелу ў кантролі за выкананнем экалагічнага заканадаўства, то такой функцыі цэнтр не мае. Як сказаў в.а. старшыні гродзенскага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Палякоў, такімі паўнамоцтвамі надзелены толькі Камітэт:
“Калі чалавек пацярпеў ад нейкага негатыўнага ўздзеяння, у цэнтры раскажуць куды трэба звярнуцца. Функцыі цэнтра больш інфармацыйныя і азнаямляльныя. Акрамя прыватных асоб звярнуцца ў цэнтр могуць і юрыдычныя асобы. Кансультанты дадуць разгорнутыя адказы і можа быць ужо не трэба будзе звяртацца ў Камітэт. У пэўнай ступені Орхускі цэнтр цяпер здыме нагрузку з міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя”.
Па словах прадстаўніка ЕС Ллевеліна Эдвардса, праект Еўрапейскага Саюза і ПРААН у Беларусі не сканчаецца на стварэнні Орхускага цэнтра. Еўрасаюз збіраецца яшчэ заключыць з Мінпрыроды новае пагадненне вартасцю ў некалькі мільёнаў даляраў.
У асноўным яно будзе датычыць мер па садзейнічанні і стварэнні “зялёнай” эканомікі – дзейнасці, звязанай з вытворчасцю, размеркаваннем і спажываннем тавараў і паслуг, якія павінны прывесці да павышэння дабрабыту насельніцтва, пры гэтым не падвяргаючы яго экалагічным рызыкам.
У Беларусі гэта другі цэнтр створаны ў межах Орхускай канвенцыі, якая ўступіла ў сілу ў 2001 годзе. Першы цэнтр адкрыўся ў 2005 годзе ў Мінску на базе РУП “БелНДЦ “Экалогія”.
Здымкі Вольгі Мілавай