Зоркамі ў алтымат-фрысбі сталі “х3орачкi” з Мінска
Спарткомплекс “Вікторыя” прымаў гасцей на працягу двух дзён. Каманды спаборнічалі ў алтымат-фрысбі – спорце, які па сутнасці не з’яўляецца прафесійным. Гульня праходзіла ў фармаце мікс: пяць чалавек супраць пяці з мінімум адной дзяўчынай на полі.
Табліца вынікаў склалася наступным чынам:
Месца |
Каманда |
Горад |
1 |
x3орачкi |
Мінск |
2 |
Spin’n |
Мінск |
3 |
36,6 |
Мінск |
4 |
Greens |
Гродна |
5 |
Phoenix |
Брэст |
6 |
Рухавік |
Мінск |
7 |
Б/н |
Гомель |
Узнагароду за “Дух Гульні” атрымала каманда Phoenix з Брэста. Гэта адзначэнне таксама лічыцца каштоўным, як і першае месца, бо гэты параметр ацэньваюць супернікі. “Дух Гульні” азначае, што гульцы спецыяльна не парушаюць правілы, паколькі ролю суддзяў яны выконваюць самі.
У гэтым турніры капітан Ігар Сачук прывёў каманду “x3орачкi” да перамогі:
“Гуляць было складана, але цікава. У камандзе ёсць пачаткоўцы, якія гуляюць менш за год, і ёсць тыя, у каго досвед больш за 7 гадоў. З Мінска прыехала мала людзей і таму давялося гуляць без замен. Гэты турнір быў цікавы тым, што ўраўняў ўсіх. На кожную гульню я выходзіў і не ведаў хто пераможа”.
Адна з арганізатарак турніра – Надзея Ухналевіч з каманды Greens – распявядае, што правесці турнір было вельмі складана. У Гродне даволі цяжка знайсці патрэбную залу: каб яна была і вялікая, і з месцамі для гледачоў, і з душавымі. І каб была вольная на гэтыя дні.
“Назва турніру “Па газоне не хадзіць”, бо гэта першы турнір зальнага сезону. Назва такая, бо турнір праводзіцца не на адкрытым паветры. Наступны такі турнір у Гродне будзе праз год прыкладна ў той жа самы час”.
У Гродне ў 2009 годзе праходзіў першы чэмпіянат па алтымат-фрысбі, але потым яго перанеслі ў Мінск.
Гуляць у гэтую гульню можна зусім бясплатна, калі каманда трэніруецца на газоне. Выдаткаў патрабуе толькі ўдзел у турнірах. Турніры, якія праходзяць у Беларусі, даволі танныя ў параўнанні з сусветнымі. Па словах Ігара Сачука, яго выдаткі на турнір склалі прыкладна 300 тысяч разам з дарогай і харчаваннем. Для параўнання, візіт на міжнародны турнір аднаму гульцу абыходзіцца ў 100 даляраў.
Здымкі аўтаркі