Гарадзенскі бомж: “За ўсё дзякую свайму гораду, п’ю толькі за яго росквіт”

|

Аляксандр ахвотна расказвае пра сваё жыццё новаму знаёмаму. Найважнейшыя моманты складаюцца ў цікавую, але не зусім радасную аповесць.

 

Нарадзіўся Аляксандр у 1955 годзе ў Гродне ў рабочай сям’і: бацька шафёр, маці – маляр. У школе быў выдатнікам, сакратаром камітэта камсамолу. Пасля паступіў у Ленінградскі ўніверсітэт, але па абставінах, якія ён вырашыў пакінуць у таямніцы, давялося адмовіцца ад вучобы. Адслужыў ў 537 гвардзейскім пяхотным палку ў Мінску, скончыў службу гвардыі сяржантам.

 

Энергічны хлопец адразу пасля войска паступіў у БДУ на фізічны факультэт. Там і пазнаёміўся з будучай жонкай. Стыпендыі на жыццё не хапала, прыйшлося перавесціся на вячэрняе навучанне. Падзарабляў на будоўлях і заводах, рамантаваў тэхніку, пасля ажаніўся.

 

На пятым курсе Аляксандр напісаў ліст Андропаву з нагоды “перабудовы”. Адказ быў імгненным: студэнта выклікалі да дэкана. Зразумеўшы, што яму не дазволяць давучыцца, Аляксандр забраў дакументы і паехаў дадому ў Гродна. Тут аднавіўся ў мясцовым універсітэце і паспяхова давучыўся.

 

Справы пайшлі ўгору, Аляксандр уладкаваўся ў Нацыянальны Банк – інжынерам-электрыкам, дзе прапрацаваў 10 гадоў. Маладая сям’я атрымала кватэру, нарадзіліся дзеці. Жылі добра, ні ў чым сабе не адмаўлялі.

 

Але за ўздымамі часам ідуць спады. Пачаліся першыя праблемы. На працы Аляксандра шанавалі як добрага спецыяліста, які разбіраецца ў сваёй справе. Але дома чамусьці ён перастаў быць паважаным чалавекам. Як кажа сам Аляксандр, “вяртацца дадому часам не хацелася”, таму заставаўся на працы, пісаў праграмы для кампутараў, стаў крыху выпіваць.

 

Развальваўся Савецкі Саюз. Жонка стала займацца бізнэсам, прадавала тавар на рынку, ад Аляксандра яна ўжо не залежала. Пачаліся скандалы…

 

Адным ліпеньскім днём 1991 года ў Аляксандра была запланавана камандзіроўка ў Мінск, аднак здарылася страшная аварыя, цудам засталіся жывыя. Тут тлумачэнні робяцца блытанымі: на месца працы аб аварыі не паведамілі, аднак дасведчанага майстра быццам бы звальняюць праз яе. Аляксандра абвінавацілі ў кіраванні машынай у нецвярозым стане, хаця ён кажа, што ў яго ніколі не было правоў і за рулём у той дзень быў не ён. Працягам нягод стаў развод з жонкай.

 

Звальненне, развод, гультайства прывялі да запою. Аляксандр стаў піць, але ўсё яшчэ жыў разам з сям’ёй у адной кватэры, толькі ў асобным пакоі. Сын і дачка бацьку наогул не ўспрымалі.

 

Сябар Альберт, аб якім Аляксандр кажа з сумам у голасе – яго ўжо няма сярод жывых, параіў Аляксандра французскім спецыялістам, як кваліфікаванага праграміста, яму прапанавалі працу за мяжой. Але ён адмовіўся, бо ўсё яшчэ думаў, што зможа вярнуць сям’ю.

У адзін выдатны дзень Аляксандр вырашыў узяць сябе ў рукі – пайшоў прасіць прабачэння ў жонкі. Прыйшоў да яе на працу ў дзіцячы садок. Прабачэнняў былая жонка не хацела слухаць, атрымалася, што знэрваваны Аляксандр яе ўдарыў. Жонка напісала заяву, прайшло следства і яго пасадзілі ў турму на 2,5 гады. Адсядзеў у Мінску, праз 2 гады выйшаў – трапіў пад амністыю.

 

Як вярнуўся, уладкаваўся на завод карданных валаў электраманцёрам, зарплата была добрая, жыў разам з бацькамі. Праз пару месяцаў памерла маці. Бацька абвінавачваў у яе смерці Аляксандра: быццам з-за перажыванняў за сына ёй прыйшлося адправіцца на той свет. Пачаліся канфлікты. Бацька прадаў кватэру, пераехаў да сястры, а Аляксандр апынуўся на вуліцы.

 

Першы час жыў у сяброў, часта выпіваў у кампаніях. Але ўсё ж удалося памірыцца з бацькам, перастаць піць. Бацька дазволіў Аляксандру пажыць у яго пакоі. Але праз два месяцы бацькі не стала і Аляксандр зноў апынуўся на вуліцы.

Гэта быў канец 90-ых: з тых часоў ён бамжуе. Былая жонка выйшла другі раз замуж за нейкага бізнесмена, дзеці з Аляксандрам не размаўлялі. Прыйшлося змірыцца з такім жыццём. “Таго, што было, ужо не вярнуць”, – кажа валацуга.

 

Сённяшняе сваё жыццё Аляксандр апісвае лаканічна: “Цэлымі днямі я “працую”… Хаджу па горадзе, шукаю метал (медзь), здаю бутэлькі, а яшчэ шмат чытаю і знаёмлюся з цікавымі людзьмі”. Хутка дадае: “Жыву ў адным закінутым доме. Хочаш пакажу?”

Цікаўлюся, як да яго ставяцца навакольныя.

 

“Моладзь ставіцца да мяне нармальна: дзе дапамогуць, дзе накормяць, дзе апрануць. У Гродне мяне ведаюць па мянушцы “Будулай”, бо знешне падобны, некаторыя гэтак жа як і іншых бамжоў называюць проста – “Барада”.

 

Міліцыя наогул празвала “воўк-адзіночка”. Я ж ніколі не ўступаў ў канфлікты з законам. Ідзеш – ідзі, нікога не чапай, і цябе не будуць чапаць.”

 

На шляху мы сустрэлі чалавека, крыху выпіўшага. Ён павітаўся з “Будулаем”, назваў яго “дзядзька Саша” і спытаў як здароўе. У Аляксандра шмат знаёмых і сяброў у гэтым раёне. Як аказалася, ён жыў тут калісьці з сям’ёй, а зараз недзе тут жыве сям’я яго сына. 

Цяперашні дом былога главы сямейства знаходзіцца ў дзвюх хвілінах ад старога. Будынак стаіць у звычайным жылым сектары, толькі ў ім акрамя нашага героя ніхто не жыве. Ён гарэў тры разы, дах працякае. “Жыць можна”, – кажа Аляксандр.

 

Звяртае на сябе ўвагу надпіс каля жылля майго суразмоўцы.

Не скажаш, што ён такі ўжо монстр. Проста ветлівы пажылы мужчына, які шмат пабачыў у жыцці. З выгляду звычайны начытаны стары.

 

Але месца жыхарства інакш як “барлогай” не назавеш. Вокны адсутнічаюць, паўсюль смецце і бруд…

 

Аляксандр кажа, што людзі дапамагаюць яму, нават хацелі дапамагчы трапіць у прытулак. Але ён адмовіўся, сказаў, што там яму працаваць не дадуць.

“Самотны воўк” паказаў, як ён зарабляе на жыццё. Каля яго “бярлогі” ляжаў манітор, напэўна, які-небудзь сусед падкінуў… Аляксандр ударыў па ім некалькі разоў і адарваў дэталь. “Глядзі сынок, тут 200 грамаў медзі, памнажаем на 25, атрымліваем 5000 рублёў. Вось і заробак. Бохан хлеба ёсць!”

У вольны час валацуга чытае і разгадвае крыжаванкі. Зірнуўшы ў часопіс, я заўважыў, што там усё запоўнена. Відаць, адбіваецца адукацыя і начытанасць.

 

Я не мог так проста адпусціць такога добрага суразмоўцу. Прапанаваў яму зайсці перакусіць у бліжэйшую кавярню, замовіў для яго гарбату і некалькі бутэрбродаў. У адказ “Барада” хацеў падарыць мне асадку.

 

На развітанне стары сказаў: “Я за ўсё дзякую свайму гораду, п’ю толькі за яго росквіт. Смерці я не баюся. Колькі адмерана жыць, я пражыву, а калі-небудзь засну і не прачнуся…”

Лёс згуляў з нашым героем злы жарт. Ён мог з’ехаць у Францыю і працаваць у якім-небудзь офісе, але адмовіўся, спадзяючыся вярнуць сям’ю. Тут страціў усё і застаўся сам-насам з вуліцай.