Святлана Куль: “Нельга паэтычна не думаць, калі ходзіш па гэтых вуліцах”
Пра пачатак паэтычнага шляху
Святлана Куль: Гэта іншая сфера: калі ў навуцы я прафесар з ўсімі рэгаліямі, то ў паэзіі навічок. Я пачынаючы паэт, фактычна, гэта кніга з 270 старонак зроблена за год. Гісторыя кніжкі незвычайная, увогуле мая гісторыя як паэткі незвычайная. Пісала крышачку з дзяцінства. Магла ў год 2-3 вершыкі напісаць, няшмат.
А потым… У мінулым годзе, у чэрвені памер адзін з маіх лепшых сябраў, з якім мы сябравалі 12 год вельмі блізка, Эдзік Мазько. Для меня гэта была страта страшная. Прычым гэта здарылася раптоўна. Мы з ім размаўлялі, ён пайшоў дадому і не дайшоў.
Першы верш я напісала на 35 дзень пасля яго смерці. І ў мяне было такое ўражанне, што ён мне адтуль дыктуе. Эдзік быў вельмі добрым паэтам. Не так даўно выйшла яго кніжка. Пасмяротна, жонка выдала. Калі я ўбачыла, што напісала за год сваю кнігу… Такое ўражанне, што іду па яго слядах.
align=”middle” > |
У яго быў свой стыль, манера пісьма, пісаў верлібрам, я так не пішу. Але вобразы, нейкія перакліканні, паралелі – я ў сабе гэта знаходжу.
Мабыць [усміхнулася] сапраўды ёсць нейкая сфера вакол Зямлі, з якой нам пасылаюць сігналы і мы выкладаем іх на паперу. Было так, што за дзень я магла напісаць па 5 вершаў. Калі за год напісана 3 паэмы, цікл санэтаў і каля 700 вершаў, то гэта ўжо шаленства нейкае [смяецца].
Пра “Вершы, байкі, паэмы”
Калі вы пазнаёміцеся з кніжкай, зразумееце: там вельмі шмат музыкі. Яна сапраўды “верша-музычная”. На мае вершы, магу пахваліцца, ужо напісана 7 песен. Думала, сюды ноты ўставіць, але “зашмат” было б, не стала разбаўляць. Ёсць вершы, якія прысвечаны гітары. Я аматар гітары і гітарыстаў [смяецца]. Таму і на прэзентацыю запрасіла паіграць гітарыста.
Выдала кнігу выдавецтва “ЮрСаПрынт”, вельмі рэкамендую. Кніга атрымалася прыгожая, сапраўды прафесійна зробленая. За яе выдавецкія якасці не сорамна. Выразна чытаецца, прыгожы макет. Мне кажуць, што яна такая жаночая выйшла, узорыстая, такая, як я хацела яе бачыць.
Пра паэзію і горад
Беларуская мова і беларускія вершы больш кладуцца на вясковую культуру. Калі вы пачытаеце беларускіх паэтаў, там увесь час “мая хата, мае буслы, мае палеткі” і ўсё такое. Такі шэраг выбудаваўся, што наша паэзія больш вясковая. Апошнім часам з’яўляецца беларускі авангард – паэзія, канешне, гарадская. Ды і Максім Багдановіч быў усё ж гарадскі паэт.
Я гарадскі чалавек і гарадскія вершы пішу. Менавіта таму на вокладцы маёй кніжкі не ручнік, а слуцкі пояс, як пракмета гарадской культуры і гарадзенскі пейзаж, таму што на шматлікія вершы натхніла Гародня. Унас горад такі, што тут немагчыма не пісаць. Чым бы ты не займаўся, хоць ты пішы эканамічныя справаздачы, усё роўна там будзе нейкі верш. Горад натхняе, горад робіць людзей паэтамі. Сапраўды ўнікальны горад. Аўра тут такая, што нельга паэтычна не думаць, калі ты ходзіш па гэтых вуліцах.
На прэзентацыі паэтка чытала свае вершы. Гасцям пашанціла паслухаць новыя творы, напісаныя пару месяцаў таму і пачуць нашумелую ў сэціве паэму “Паляванне на мыша”.
Здымкі Яна Лялевіча