“Нёман” пяты!

|

Футбольны дзень пачаўся з традыцыйнага маршу фанатаў. Каля 150 чалавек з сімволікай клуба прайшліся з “крычалкамі” ад плошчы Савецкай да стадыёна.

За чатыры гадзіны да матча горад накрыла туманам, але бліжэй да пачатку сустрэчы ён больш-менш развеяўся.

 

Прыемна здзіўляла колькасць людзей на стадыёне, можна сказаць, што іх было больш чым на нядаўняй кубкавай гульні з “Гомелем”. З Жодзіна падтрымаць родны клуб прыехала каля 150 фанатаў, бо гэтая гульня была самай важнай для “Тарпеда” – клуб змагаўся за тое, каб пакінуць апошняе месца ў турнірнай табліцы. Для “Нёмана” вырашалася: пятае ці шостае месца здабудзе ён гэтым разам.

 

Матч пачаўся з атак “Нёмана”, але яны скончыліся нічым. Затое першая ж атака гасцей завяршылася голам. Хлебасолаў пасля падачы Салаўя ў штрафную без цяжкасцяў справіўся з нашай абаронай.

 

“Вось дык пачатак”, – уздыхнулі заўзятары.

 

Нават пасля гола жодзінцы працягвалі гуляць у атакуючы футбол. А ў гарадзенцаў першы і самы небяспечны момант у першым тайме быў на 34 хвіліне. Лясюк прастрэліў у штрафную на Вітуса, але той з выгоднейшай пазіцыі, з метраў пяці, не трапіў у браму. Гэтым момантам можна і адзначыць гарадзенскую каманду ў першым тайме.

 

Цікавы момант адбыўся пры адыходзе гульцоў на перапынак у падтрыбуннае памяшканне. Два заўзятары “Нёмана” – хлопец і дзяўчына – трымалі невялікі плакат, на якім было напісана на ангельскай нешта кшталту: “Іван Пеха, падары мне сваю майку”… Хто ведае, можа і падарыў.

 

Як сказаў пасля матчу Яўген Савасцьянаў: “У перапынку трэнер знайшоў патрэбныя словы. Удалося галоўнаму трэнеру дастукацца да нас. Зрабіў ён гэта спакойна, нічога надзвычайнага не рабіў. Сказаў, што мы гуляем за горад і так далей. Быццам бы банальныя словы, але яны страсанулі нас.

 

У першай палове гульні адчувалася нейкае хваляванне, хаця гулялі дома, пры сваіх заўзятарах. У другім тайме перастроіліся. Можна сказаць, нам крыху пашанцавала – Жодзіна не рэалізавала два добрыя моманты. Мы ж здолелі скарыстацца сваімі”.

Другі тайм застаўся цалкам за “Нёманам”. На 50 хвіліне Весялінаў з метраў 30 пасылае мяч у вароты Часноўскага, але брамнік “Тарпеда” спраўляецца з гэтым ударам. Нехта з трубун крычыць: “Пачалося!”.

 

На 54 хвіліне Лясюк з дыстанцыі правяраў на пільнасць Часноўскага – брамнік да мяча не дабраўся, снарад праляцеў міма. 69 хвіліна – Лясюк класна уцёк на фланзе адразу ад двух супернікаў, зрабіў, здавалася б, галявую перадачу, але Вітуса на лініі варот апярэдзіў абаронца. Лясюк і Вітус наогул былі вельмі актыўнымі.

 

Гол наспяваў. “Нёман” здолеў “распячатаць” вароты гасцей толькі на 84 хвіліне. Пасля ўдару Савіцкага першым на дабіванне паспеў Лясюк…

 

Здавалася, матч так і скончыцца. Але “Нёман” не быў бы “Нёманам”, калі б не забіў пераможны гол. Падарунак заўзятарам зрабіў усё той жа Лясюк. На 95 хвіліне Савасцьянаў ўцёк з мячом са сваёй паловы поля і выдаў дакладны пас на Лясюка, а той трапна ударыў па варотах.

 

Вось дык канцоўка! “Нёман” паказаў характар і вырваў перамогу.

 

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў пракаментаваў вынік матчу супраць “Тарпеда-БелАЗ”:

 

“Дзякуй заўзятарам за падтрымку. У нас быў цяжкі сезон, каманда правяла шмат складаных гульняў. Перад гэтай гульнёй мы пазбавіліся многіх гульцоў з-за траўмаў. Але гулялі на перамогу, вельмі хацелі скончыць сезон на мажорнай ноце. І нам гэта ўдалося. Дзеля такіх перамог варта жыць”.

 

Дарэчы, год таму тыя ж каманды завяршалі сезон у Гродне. Але тады нікому нічога не было патрэбна.

 

Пасля матчу пачалося “нешта”. “Нёман” быццам бы выйграў штосці значнае. Усе неверагодна радаваліся, а гульцы тым часам вынеслі мячы з аўтографамі і сталі кідаць заўзятарам. Таксама футбалісты сталі здымаць майкі і шорты ды ўсё кідалі заўзятарам. Усе так былі такія радыя…

…Вось і скончыўся наш футбольны сезон. “Нёман” заняў годнае пятае месца. Наш лідэр каманды, Іван Дзенісевіч, стаў другім у Лізе па сістэме (гол + пас). Ён набраў 23 (10+13) ачкі. Столькі ж балаў набраў і нападнік “Шахцёра” Камароўскі, але на яго рахунку на адзін забіты гол больш.

 

Пасля матчу Андрэй Лясюк сказаў:

 

“Сезон “Нёмана” ў любым выпадку заносіцца ў актыў. Калі раней змагаліся толькі за выжыванне, то цяпер падняліся на пятае месца. У нас была такая задача на сезон – мы яе выканалі. Дадатковыя прэміяльныя за гэта будуць. Колькі? Ад сямі да дзесяці тысяч”.

 

Вось як выглядае турнірная табліца чэмпіянату Беларусі па футболе:

 

Месца Каманда Гульні Ачкі
1 БАТЭ, Барысаў                    30                68
2 “Шахцёр”, Салігорск 30 61
3 “Дынама-Мінск” 30 56
4 “Гомель” 30 50
5 “Нёман”, Гродна 30 41
6 “Мінск” 30 39
7 “Белшына”, Бабруйск 30 30
8 “Брэст” 30 29
9 “Нафтан”, Наваполацк 30 29
10 “Славія”, Мазыр 30 27
11 “Тарпеда-БелАЗ” 30 24

 

Здымкі Яна Лялевіча і fcneman.by