Забытыя старонкі гісторыі дзяржбяспекі
Раптам падумалася: чаму, уласна кажучы, гадавіна 68-я? Атрымліваецца, што гродзенскае падраздзяленне беларускай спецслужбы вядзе свой адлік ад восені 1944 года. А як жа перадваенны перыяд? Калі да гэтай справы падыходзіць фармальна, то тады, канешне. У 1939-41 гады ў Гродне шчыравалі супрацоўнікі Беластоцкага ўпраўлення НКУС, аднак што гэта мяняла? Метады, задачы, спосабы выканання ў таварышаў з халоднымі рукамі і гарачым сэрцам (ці як там?) былі тыя ж самыя, што і ў пасляваенны час.
Вось, напрыклад, што паведамляла кіраўніцтва НКУС БССР першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку ў апошні мірны дзень 21 чэрвеня 1941 года пра кіпучую чэкісцкую работу. Цытуецца па кнізе “1941 год. Краіна ў агні. Дакументы і матэрыялы”:
“Беластоцкая вобласць. Усяго рэпрэсавана 11905 асобаў. Пры правядзенні спецаперацыі мелі месца наступныя здарэнні.
У Беластоцкай вобласці два арыштаваныя ўдзельнікі контррэвалюцыйных арганізацый у час канваіравання кінуліся ўцякаць. Канвой пасля неаднаразовых папярэджванняў зрабіў некалькі стрэлаў, у выніку чаго абодва арыштаваныя былі забітыя.
У мястэчку Скідзель жонка палкоўніка былых польскай, царскай і белай армій Іміжук Ганна ў момант прыходу ў яе кватэру аператыўнай групы лязом перарэзала сябе горла і тут жа памерла.
У горадзе Гродна аператыўнай групай арыштаваны пастарункавы паліцэйскі Станкевіч, які падлягаў высяленню. У яго кватэры знойдзена тапаграфічная карта Беларускай ССР, на якую нанесена дыслакацыя войскаў вакол Мінска і астатняй тэрыторыі заходніх абласцей БССР з указаннем часцей па роду войск”.
І пасля вызвалення Гродзеншчыны ад нямецкіх захопнікаў супрацоўнікі дзяржбяспекі праводзілі маштабныя аперацыі па высяленню ў Сібір мірных жыхароў. Дык чаго саромецца працы старэйшых таварышаў? Няхай краіна ведае сваіх герояў. А то чамусьці першага начальніка Беластоцкага НКУС Сяргея Бельчанку ў Мінску ўшанавалі як міліцыянта (ды яшчэ ў розных гродзенскіх РАУС дабраахвотна-прымусова збіралі грошы на мемарыяльную дошку!), хаця, па сутнасці, ён быў нашчадкам Дзяржынскага да канца жыцця.
Наконт ускладання вянкоў і кветак да магілаў загінуўшых супрацоўнікаў дзяржбяспекі… Не ведаю, як у іншых месцах, а ў Гродне да гэтага не дайшло. Відаць, вырашылі крыху зэканоміць з прычыны крызісу.На старых гарадскіх могілках па вуліцы Антонава ў абласным цэнтры пахаваны тры афіцэры Гродзенскага ўпраўлення МДБ, якія загінулі ў другой палове саракавых-пачатку пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Тры пірамідкі з зоркамі месцяцца каля агароджы непадалёку ад галоўнага ўваходу. Дык вось, каля іх – раскіданае смецце і засохлае пустазелле.
Яшчэ пра адзін цікавы момант хочацца расказаць. На могілках па вуліцы Антонава пахаваны малодшы лейтэнант Анатоль Фядосімаў. З кнігі памяці ўпраўлення ФСБ па Кіраўскай вобласці Расіі можна даведацца, што чэкіст нарадзіўся ў 1921 годзе, жыў у вёсцы Фядосімава Уржумскага раёна Кіраўскай вобласці. Прызвалі Фядосімава ў 1944, аднак трапіў ён не на фронт, а ў Гродна, дзе працаваў оперупаўнаважаным 4 аддзялення 2 аддзела УМДБ па Гродзенскай вобласці. У кнізе памяці адзначаецца, што расіянін загінуў 20 лютага 1948 года ў барацьбе з беларускімі нацыяналістамі (на жаль, падрабязнасцей не прыводзіцца),а на помніку выбіта іншая лічба: 4 снежня 1947 года. Хто валодае больш дакладнай інфармацыяй: расійская ФСБ ці беларускае КДБ? Пытанне пакуль што застаецца адкрытым.