Культура паляпшае жыццё. Якая культура і чыё жыццё?
На пачатку імпрэзы Ніна Шыдлоўская, старшыня рады аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, распавяла пра падставы культурнай дыскусіі:
Мы ладзім розныя літаратурныя мерапрыемствы, розныя сустрэчы, падобныя дыскусіі, каб найперш прадэманстраваць і даць нам кожнаму ўсвядоміць сучаснасць, перспектыўнасць і моднасць сённяшняй беларускай культуры, але якая базуецца на нашых глыбокіх гістарычных каранях. Мы хочам, каб не толькі зацікаўленыя людзі, але і больш шырокае кола гэта ведалі і памяталі, каб не забываліся на тое, што наша культура гэта адзін са слупоў, на якім развіваецца грамадства. Сучасная беларуская культура мае праявы і развіццё ва ўсіх стылях, праявах і жанрах, як і сусветная. І мы спадзяемся, што хвалі абмеркавання, якія мы тут паднялі, далей пойдуць у асяродкі, у якіх вы жывяце.
Заяўленая тэма, у дадатак музычнае аздабленне гурта “Людзі на балоце” і перапоўненая інтэлігенцыяй кавярня “Несцерка” настройвалі на адпаведныя чаканні ад размовы – ў чым жа праяўляецца сучасная беларуская культура ў Гродне? Аднак ці то падбор выступоўцаў аказаўся замоцна стракатым, ці то арганізатары не здолелі ясна канкрэтызаваць аспект для абмеркавання, але паасобныя выказванні запрошаных гасцей не здолелі ператварыцца ў дыскусію на канкрэтную тэму.
Прапаноўваючы каву ці гарбату з-за барнай стойкі, вядоўца вечара актор Гродзенскага лялечнага тэатра Аляксандр Енджэеўскі даваў слова запрошаным экспертам. Варта адзначыць, што большасць запрошаных спікераў выказвалася на рускай мове. Першым такім госцем быў Ігар Папеня, псіхатэрапеўт. Спецыяліст патлумачыў, што калі ў жыцці чалавека няма творчасці, калі ён не з’яўляецца асобай, якая пражывае жыццё ўсвядомлена, выбіраючы нейкія культурныя каштоўнасці, то ён за гэта расплочваецца трывогай, а пасля і дэпрэсіяй. У цяперашнім грамадстве пераважае акурат апатыя, якая звязана менавіта з неўсвядомленасцю.
Старшыня гарадзенскай юдэйскай абшчыны Барыс Квяткоўскі закрануў маральны імператыў культуры паасобнага чалавека:
Трэба казаць пра паняцце маральнасці. Ёсць залатое правіла сусветных канфесій: не рабі іншаму таго, чаго б ты не хацеў, каб рабілі табе. Калі ўзяць гэтую выпрацаваную пакаленнямі пазіцыю за ўнутраны стрыжань, то чалавек захавае і самога сябе, і не дазволіць, каб пры ім кагосьці прыніжалі або пры ім складвалася сітуацыя, калі хтосьці будзе непаўнавартасным ці менш каштоўным.
Барыса Максавіча таксама спыталі, ці магчыма выкарыстоўваць сінагогу для правядзення культурных імпрэз. Ён ахвотна пагадзіўся, што будынак сінагогі вельмі падыходзіць для камерных мерапрыемстваў, аднак толькі вясной-летам, бо пакуль не ва ўсім памяшканні сінагогі праведзенае ацяпленне.
Валеры Ляховіч з цэнтра творчасці ГрДУ, які мусіў распавесці пра конкурс студэнцкай самадзейнасці “Alma mater”, прапанаваў аўдыторыі пытанне для роздуму: што такое культура пад прынукай? Студэнтаў часам прымушаюць наведваць культурныя мерапрыемствы. Некаторыя з іх сапраўды важныя, але без адміністрацыйнай разнарадкі студэнты на іх не пойдуць. А некаторыя студэнцкія ініцыятывы ператвараюцца ў абавязалаўку, што адштурхоўвае моладзь праяўляць творчую ініцыятыву.
Пра прыклады студэнцкай ініцыятывы распавёў Віктар Косараў, лабарант цэнтра творчасці купалаўскага ўніверсітэта. Адным з такіх студэнцкіх праектаў стала серыя ролікаў у грамадскім транспарце “Жывая гісторыя”. Прысутная гісторык Таня Касатая заўважыла, што ініцыятыва цікавая, але тэксты ролікаў утрымліваюць факталагічныя памылкі. На што Віктар зазначыў, што часам студэнцкімі ініцыятывамі кіраваць цяжка – “штосьці ім раіць няма сэнсу”.
Прысутнічаў на сустрэчы таксама прадзюсер праекта “Знай наших” Вячаслаў Лукашэвіч, які распавёў пра ідэю свайго праекта: знайсці новыя імёны ў Гродне і вывесці іх на вялікую сцэну. Па яго словах, цікавасць да праекта ў інтэрнэце вялізная.
Апошнім выступіў харэограф драмтэатра Аляксандр Цебянькоў, які, па сутнасці, падсумаваў вынік размовы:
Я разумею, што мы людзі з розных сфер і нам усім хочацца падзяліцца набалелым. Але ў выніку атрымалася размова пра ўсё і ні пра што. Пакуль не бачу для сябе ніякага практычнага выніку з гэтай размовы.
Ён прывёў прыклад культурных сустрэч у тэатры ў Любліне, якія называюцца “Бітва аб культуры”, дзе рэгулярна збіраюцца творчыя людзі падыскутаваць на тэмы і праблемы культуры. Уваход вольны для ўсіх жадаючых:
Там людзі сапраўды змагаюцца за нейкія балючыя пытанні ў культуры. Я даўно марыў, каб у Гродне арганізавалася штосьці падобнае.
Пра неабходнасць у Гродне такіх рэгулярных сустрэч людзей культуры яшчэ раней выказваліся ўдзельнікі прэс-клубу “Гродна – горад без галерэй”, які ладзіўся у канцы лютага. Тады ўдзельнікі гарадзенскай арт-прасторы казалі аб праблемах у культурніцкай інфраструктуры горада. Рэгулярныя сумесныя сустрэчы, нейкія арт-кавярні маглі б паспрыяць змене сітуацыі. Як выказаўся нехта з прысутных на сустрэчы ў “Несцерцы”, ёсць моцная патрэба ў арт-кавярні, у якім бы “варылася” культурная тусоўка Гродна. З такога арт-булёну і паўстаюць звычайна цікавыя сумесныя праекты або вырашаюцца тыя ці іншыя культурныя пытанні. Калісьці падобную нішу займаў “Куфэрак”. Зараз такога сталага месца для культурных сустрэч няма.
У канцы сустрэчы Ніна Шыдлоўская распавяла аб практычным баку ідэі культурных сустрэч-дыскусій.
Мы прапануем сустрэцца ў Гродне ізноў пасля Новага года. Прыйдуць яшчэ іншыя людзі, і на сустрэчы, спадзяюся, будуць прадстаўленыя цікавыя культурніцкія праекты ініцыятыў ці асобных актыўных людзей у Гродне з мэтай пошуку аднадумцаў і іх практычнай рэалізацыі.
Пра фармат арганізатары паабяцалі распавесці пазней.
Па словах многіх удзельнікаў сустрэчы, патрэба ў такіх дыскусіях ёсць. Аднак калі казаць пра напаўненне, то такая размова не можа дапамагчы “ўсвядоміць сучаснасць, перспектыўнасць і моднасць сённяшняй беларускай культуры”. Хаця б ужо таму, што ўсе выступоўцы на тэму беларускай культуры выказваліся па-руску.
Хочацца ўбачыць у Гродне шырокую пляцоўку, на якую былі б запрошаныя чыноўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў культуры і альтэрнатыўных асяродкаў, звычайныя гарадзенцы, дзе ўздымаліся б праблемы нашай культуры: адмена адных канцэртаў па ідэалагічных прычынах, адміністрацыйны прымус у наведванні іншых, малая колькасць пляцовак для выступу, адсутнасць добрай рэкламы, амаль падпольнае існаванне любых недзяржаўных культурніцкіх праектаў, адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі беларускамоўных культурніцкіх з’яў, саўковасць агульнагарадскіх культурных мерапрыемстваў і інш.
Магчыма, наступныя культурныя сустрэчы, якія ініцыюе кампанія “Будзьма беларусамі!” у Гродне, будуць ладзіцца з улікам атрыманага досведу.
Здымкі Яна Лялевіча