Трыццаць гадоў назад: “Містыка” ў ГрДУ

|

У маладосці ідэі ўвасобліваюцца ў жыццё хутка. Прыйшла такая задумка – і амаль адразу закіпела праца. Шмат хто на філфаку займаўся літаратурнай творчасцю, большасць пісала вершы, аднак і прозу не абміналі. Таму матэрыял для першага нумара доўга збіраць не прыйшлося. Вершы, апавяданні, крытычныя артыкулы, вялікі раздзел гумару і нават музычная рубрыка – ўсё гэта ўмясціў студэнцкі часопіс.

Стваральнікі часопіса “Містыка” (злева направа): Янка Трацяк, Віктар Варанец і аўтар на дэманстрацыі 7 лістапада 1982 г. у Гродне

 

А як назваць? Прызнацца, метад сацыялістычнага рэлізму ў літаратуры на той момант усім ужо страшна надакучыў. Ад “бессмяротных” сачыненняў Георгія Маркава ці Сяргея Сартакава крыху ванітавала. Калі навокал суцэльны рэалізм, то хацелася чагосьці нерэальнага, містычнага. Ну, вось яна, назва: “Містыка”. Здаецца, я першы прапанаваў гэта слова, так і засталося.

 

Наклад новага самадзейнага часопіса склаў дзесяць асобнікаў – два разы надрукаваць на механічнай друкарцы (па пяць копій). Вядома, што нічога яўна антысавецкага ў “Містыцы” не было. Мы добра разумелі тагачасныя рэаліі. Больш за тое, часопіс адкрывалі вершы вядомых савецкіх паэтаў Андрэя Вазнясенскага і Яўгена Яўтушэнкі. Маўляў, вось на чые традыцыі мы абапіраемся. Але ж нават у гэтым быў своеасаблівы выклік сістэме. Вышэйназваныя паэты лічыліся ліберальнымі, а ў некаторыя часы ледзь не крамольнымі.

Юры Камягін і Віктар Варанец

 

Пасля таго, як часопіс набыў матэрыяльны выгляд, паўстала пытанне: як данесці яго да чытача? Гэта ж быў сапраўдны самвыдат. Мы, стваральнікі часопіса, не раіліся ні з якім начальствам, не ўзгаднялі тэксты ні ў дэканаце, ні ў камітэце камсамола. Вырашылі схітрыць. Сказалі кіраўніцтву, што гэта своеасаблівая спроба пяра ўдзельнікаў універсітэцкага літаратурнага аб’яднання “Наднёманскія галасы”. У дэканаце адразу супакоіліся. Аб’яднаннем кіраваў выкладчык Міхась Губернатараў, значыць, усё ў парадку.

 

На трэцім, здаецца, паверсе галоўнага корпуса ўніверсітэта па вуліцы Ажэшкі вісела сценгазета філалагічнага факультэта. У ніжнім яе вугалку мы прыбілі цвічок і прыладавалі такім чынам нашу “Містыку”: бярыце, чытайце, абмяркоўвайце, але потым вяртайце на месца. І што тут пачалося. Цягам некалькіх наступных дзён слова “містыка” проста лунала па ўніверсітэцкіх калідорах. Толькі і шлі размовы пра тое, што “філфакаўцы” зрабілі літаратурную бомбу.

 

Мы тым часам, заахвочаныя народнай падтрымкай, ужо рыхтавалі другі нумар. Да нас, як у сапраўдны часопіс, пачалі несці свае творы прадстаўнікі іншых факультэтаў. Памятаю, што ў “Містыцы” № 2 былі змешчаны вершы на рускай, беларускай, польскай і ангельскай мовах, нават так. Таленавіты народ вучыўся тады ў Гродне. І гэта было сапраўднае вольнае слова, бо ўсякая цэнзура намі прынцыпова адвяргалася. Калі мы ішлі вывешваць другі нумар на той самы цвічок, нас сустракаў невялікі натоўп жадаючых прачытаць першымі.

 

Зразумела, што ўся гэта, для савецкіх часоў ненармальная, сітуацыя не магла доўга працягвацца. Хутка начальства зразумела, што трэба дзейнічаць, як у тым паэтычным радку: “Души прекрасные порывы”. Нам пачалі пагражаць і адначасова заманьваць абяцаннямі змясціць творы ў афіцыйным друку. Членам аб’яднання “Наднёманскія галасы” ў якасці маральнага заахвочвання прапанавалі размясціць свае фотапартрэты ў галоўным корпусе ўніверсітэта, зрабіць своеасаблівую галерэю літаратурных дараванняў. Ішлі ўпартыя чуткі, што загад закрыць часопіс прыйшоў з КДБ.

 

Усяго выйшла чатыры нумары “Містыкі” – і гэта ўжо дзіўна, што столькі. Здаецца, на сённяшні дзень не захавалася ніводнага асобніка. Засталася толькі памяць пра вольнае слова ў глухую пару лістапада 1982 года.

 

Фота з асабістага архіва аўтара