Аляксандр Рыжы: “Ліцэнзаванне выдавецкай дзейнасці абсалютна не патрэбна”
У кнігах якога профілю спецыялізуецца вашае выдавецтва?
Ёсць дзве катэгорыі кніг: заказныя і кнігі, якія мы выдаем па ўласнай ініцыятыве, яны ў асноўным гістарычныя, краязнаўчыя. Гэта літаратура навукова-папулярнага характару. Што цікава, тое і выдаем.
На якія сродкі існуе выдавецтва?
Мы не маем ніякай падтрымкі. Чытач – самае каштоўнае, что ў нас ёсць. Працуе выдавецтва за ўласныя грошы, прыбытак ад продажу. Хапае так, каб толькі штаны не падалі. Выжываем таму, што ўсё робім самі.
Колькі чалавек у такой сітуацыі працуе ў “ЮрСаПрынт”?
Фактычна чатыры. Адсоткаў 80 працы раблю я і другі суўладальнік Юры Мілеўскі, дапамога патрэбна па вёрстцы, тут у нас дзяўчына працуе. Ёсць яшчэ спецыяліст па паслядрукавай працы, гэта падрэзка, склейванне кнігі і падобныя працы.
align=”middle” >
Сядзіба “ЮрСаПрынт” знаходзіцца ў невялікім офісе на вул. Карла Маркса. Там можна купіць іх прадукцыю ды іншыя выданні па гісторыі Гродна і рэгіёна.
Наколькі прыбытковая выдавецкая справа ў Беларусі?
Пытанне складанае. Тут больш ідзе гаворка пра самаакупнасць. Падраздзяленні расейскіх выдавецтваў выжываюць у асноўным за кошт таннай паліграфіі ў Расіі, за тое, што купляюць танныя аўтарскія правы і маюць добрую дыстрыбуцыю. Ёсць выдавецтвы, якія працуюць за гранты, ёсць якія працуюць за дзяржаўныя грошы, ну і такія як наша.
Паміж беларускімі выдавецтвамі існуе канкурэнцыя?
Думаю, што не. Кніг агулам выдаецца няшмат.
Апішыце працэс выдання кнігі ў “ЮрСаПрынт”.
Аўтар прыносіць да нас рукапіс у электронным выглядзе. Калі нам падабаецца, пачынаем яго дадрукавую падрыхтоўку. Гэта некалькі працэсаў: вёрстка, падрыхтоўка фотаздымкаў, першасная карэктура, распрацоўка тыпаграфікі і дызайна вокладкі. Далей робім сігнальны асобнік, аўтар уносіць свае праўкі. Пасля пачынаем тыражаванне. Сканчаем паслядрукавымі працэсамі, пра іх я ўжо казаў.
Вы працуеце разам з аўтарамі?
Не даводзілася разам з аўтарам працаваць. Звычайна сам сабе задуму ў галаву пакладзеш, пакажаш аўтару. Згодны? Можа там нешта падправіць ці дадаць. Ну і ўсе. Такога, каб мы вось так з аўтарам разам сядзелі, глядзелі ў кампутар, яшчэ не было.
Як вы ўдзельнічаеце ў распаўсюдзе кніг, якія выдаюцца з вашай ініцыатывы?
Цалкам. Кнігі ідуць ва ўсе бібліятэкі горада і вобласці, мы дапамагаем ладзіць прэзентацыі. Мы абавязаны даслаць некалькі асобнікаў у Нацыянальную бібліятэку, Міністэрства інфармацыі, кніжную палату, абласную бібліятэку.
Пакуль што кнігі друкуюцца вось на такой тэхніцы, але ў выдавецтве абяцаюць, што хутка эпоха “прынтэрных” кніжак скончыцца і яны пяройдуць на афсэтны друк.
Ці складана ў Беларусі адкрыць выдавецтва?
Усё робіцца хутка. Раней працаваў дазвольны прынцып, калі ты прыходзіш у гарвыканкам і просіш “адкрыйце фірму”, а там думаюць, зараз – паведамляльны. Узгадняецца назва прадпрыемства, ствараецца ўстаўны фонд, складаецца ўстаноўчы дагавор і статут. Усё гэта рэгіструецца і тады можна атрымаць рэгістрацыю. Не складана.
А што з цэнзурай?
Цэнзуры няма. Я не абавязаны гаварыць, што буду выпускаць. Адзіная працэдура рэгістрацыі кнігі, гэта наданне ISBN – Міжнароднага стандартнага кніжнага нумара.
Трэба ж яшчэ атрымаць выдавецкую ліцэнзію…
Сапраўды, рэгістрацыя фірмы – справа банальная, а вось атрыманне выдавецкай ліцэнзіі ў нас вельмі цяжкі працэс. Па-першае, патрабуецца наяўнасць у штаце чалавека з вышэйшай адукацыяй, адказнага за выдавецкую дзейнасць, які прайшоў атэстацыю ў Міністэрстве інфармацыі. У нашым выдавецтве гэта я.
Экзамены?
Так. Камісія з 15 чалавек: намеснік міністра і кіраўнікі ўсіх аддзелаў. Задаюць пытанні, напрыклад, як уплывае канстытуцыя на выдавецкую справу? Што такое каптал? Якія віды вокладак ведаеце?
Рыхтаваліся да экзаменаў?
Два месяцы.
Наколькі ліцэнзаванне абгрунтавана?
Я лічу, што яно ўвогуле не патрэбна. Калі казаць пра ліцэнзаванне, то яно павінна датычыць медыцыны, зброі, іншых падобных сфер. Добры прыклад Расіі: там проста рэгіструюць кнігі ў кніжнай палаце, даюць ISBN, а пасля выдання дасылаюць кантрольны экзэмпляр.
Можа ліцэнзаванне ўплывае на якасць выдавецтваў?
Зусім не. Ведаеш ты што такое каптал альбо не ведаеш – нічога ад гэтага не зменіцца. Па сутнасці, дзяржава павінна толькі кантраляваць, каб не выдавалі парнаграфію ды рэчы, што распальваюць нацыянальную варожасць і заклікаюць да гвалту.
Здымкі аўтаркі