Абмежаванні магчымасцей – не абмежаванні для мараў
Мерапрыемства прайшло з удзелам юных музыкаў гарадзенскай музычнай школы №1 і дзяцей з хоспіса. На канцэрце можна было пачуць музыку Жара, Гендэля, Моцарта і Дэбюсі ў выкананні вучняў музычнай школы. Выхаванцы хоспіса змаглі пацешыць гасцей песнямі і танцамі.
Сярод гледачоў на свяце былі госці з Літоўскага грамадскага аб’яднання “Бацькава хата”. Па словах дырэктара Эймантаса Балайкі, іх арганізацыя ўжо амаль год супрацоўнічае з Гродзенскім дзіцячым хоспісам.
“З 2010 года мы займаемся валанцёрскай дапамогай хворым і састарэлым людзям у Літве. У новым годзе плануем прапаноўваць медыцынскую дапамогу. З дзіцячым хоспісам у нас ёсць агульныя ўзаемныя візіты, абмен вопытам і навыкамі. У вас ёсць чаму павучыцца”.
У холе музея была арганізавана выстава-продаж сувеніраў, зробленых рукамі дзяцей хоспіса. Кожны жадаючы мог набыць паштоўкі, лялькі і ёлачныя цацкі.
Грошы, атрыманыя ад продажу, пойдуць на паездку дзяцей у Друскеніцкі аквапарк. Большасць дзяцей хоспісу ніколі не выязджалі за мяжу.
Як распавядае дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Шульга, мэтай акцыі было прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем дзяцей, якія маюць асаблівасці ў развіцці.
“Гэты канцэрт уваходзіць у шэраг мерапрыемстваў, якія мы прымеркавалі да калядных і навагодніх святаў.
Цяпер хоспіс і бацькі, якія маюць дзяцей з інваліднасцю, удзельнічаюць у дабрачыннай акцыі “Цуд Калядны”. Бацькі, дзеці і валанцёры збіраюцца раз на тыдзень у касцёле для таго, каб вырабляць цацкі. У далейшым мы плануем іх продаж”.
Таксама ў касцёле праходзіць навучанне дзяцей і бацькоў польскай мове.
Важным напрамкам дзейнасці хоспіса з’яўляецца раскрыццё талентаў і магчымасцей дзяцей з інваліднасцю. Кажа маці адной з удзельніц дзіцячага хоспіса:
“Сёння Насця (дзяўчынка ў вазку – аўт.) выступала на сцэне. Разам мы рабілі вырабы для выставы. Было вельмі цікава назіраць за тым, як хтосьці іх купляе. У нас маса эмоцый і ўражанняў”.
Сям’я дзяўчынкі наведвае хоспіс тры гады. Не аднойчы яны ўдзельнічалі у праектах, якія праводзіць арганізацыя. Напрыклад, “Я дызайнер”, “Кадр для Грамадства”. Дзіцяці вельмі падабаецца камунікаваць з валанцёрамі, з арганізатарамі праекта. Па словах Насты, на занятках яны шыюць лялькі, робяць вырабы з воўны і мыла.
У арганізацыі дзеці знаходзяць новых сяброў.
Сабіна: “Я вельмі хачу пачаць займацца ў дзіцячым хоспісе. У аўторак мой першы дзень. А яшчэ я наведваю школу ўсходняга танцу. Для мяне танец – гэта фізкультура і маё жыццё. Усё гэта дапамагае мне лячыцца”.
Здымкі Яраслава Ванюкевіча