Агнём і музыкай гарадзенскія аўтааматары закрылі сезон

Да сямі гадзін вечара пляцоўка мерапрыемства стала падобнай да вялікай паркоўкі. Тым часам аўтамабіляў усё прыбывала. Сцягі, налепкі на шкле і маркі аўто адказвалі за прыналежнасць да клуба. Да афіцыйнага пачатку аўтамабілісты тусаваліся па клубных групах.

На імправізаванай сцэне паміж вялікіх калонак перыядычна з’яўляліся выступоўцы. Рэп, гітара і конкурсы заклікалі прысутных падысці бліжэй. Расступіцца натоўп вымусіла фаершоў, падрыхтаванае клубам славянскіх адзінаборстваў “Арыдан”. Пад рытмічную музыку выступовец некалькі хвілін “круціў агнём” вакол сабе і ля самых насоў аўтамабілістаў, а потым, літаральна, выдыхаў агонь у паветра. Вакол сцэны стала горача.

Апошні акорд закрыцця сезона прагучаў на правай набярэжнай Нёмана, куды аўтааматары паехалі вялікай калонай праз горад. На вуліцы Горкага калона распаўзлася на тры паласы. Звычайным аўтамабілістам было не прасунуцца.

Дарога каля правага берага Нёмана ў тры шэрагі была застаўлена машынамі. Над імі павінен быў быць салют: сапраўды быў, але абсалютна не відовішчны. Пару маленькіх залпаў. Пасля салюта – агульнае фота і святкаванне ў асобных кампаніях.

Мерапрыества было падрыхтавана агульнымі сіламі. Сцэну-лавет прадставіла “Аўтадапамога стартар” за гук адказваў клуб аўтагуку “Just Bass”, а агульную арганізацыю ўзяў на сябе “АўтаГродна”. Чацьвёрты раз аўтааматары афіцыйна закрылі сезон і ўпершыню ў мерапрыемства з’явіўся спонсар: СТО і аўтакрама “VIP Garage”.

 

Здымкі аўтаркі