Сяргей Чыгрын пра зямлю, людзей і кнігі
Выданне складаецца з чатырох раздзелаў. У першы ўвайшлі артыкулы пра Янку Купалу і Гродзеншчыну, пра лёсы малавядомых людзей Беларусі. Героямі кнігі сталі Мікалай Белакоз — бацька Алеся Белакоза, даследчык духоўнай спадчыны Падляшша Мікола Гайдук, Антон Шкялёнак, Аляксандр Клізоўскі, а.Баляслаў Пачопка, Аляксандр Дунін-Гаркавіч, Сцяпан Майхровіч і іншыя вядомыя і малавядомыя беларусы.
Другі раздзел кнігі складаюць гутаркі з вядомымі дзеячамі Беларусі, у прыватнасці, з аўтарам “Буквара” Анатолем Клышкам, беларускім паэтам з Беласточчыны Віктарам Шведам, калекцыянерам з Воршы Алесем Сярожкіным.
Упершыню надрукавана інтэрв’ю з Віталём Скалабанам, зробленае аўтарам кнігі яшчэ пры жыцца архівіста.
У трэці раздзел сваёй кнігі Сяргей Чыгрын уключыў рэцэнзіі на беларускія кнігі, найперш гістарычныя, якія выходзілі з друку ў Беларусі і за мяжой.
Апошні раздзел – эпісталярны. Яго склалі лісты аўтару ад Лявона Луцкевіча, Лявона Шпакоўскага-Случаніна і Міколы Канаша.