Вадзім Саранчукоў – чарговы абвінавачаны ва ўдзеле ў масавым мерапрыемстве ў Свіслачы
Пратакол складзены ст. інспектарам Свіслацкага РАУС ст. лейтэнантам Паўлючэням Д.В. 25 лістапада, амаль праз месяц пасля традыцыйнага фэсту, прысвечанага братам Каліноўскім і паўстанцам 1863 году.
Вадзім Саранчукоў:
– Учора па месцы прапіскі мяне шукаў участковы, а ўвечары супрацоўнікі Ленінскага РАУС прынеслі пратакол, які прыйшоў са Свіслачы. Я атрымаў копію, напісаў, што з пратаколам не пагадзіўся. У мяне запыталіся, ці прыйду я на суд, калі ён будзе, – адказаў, што прыйду.
На гэтым усё. Ніякіх тлумачэнняў у мяне не бралі.
Вадзім Саранчукоў стаў другім гарадзенцам, якога вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Свіслацкім раёне 27 кастрычніка.
22 лістапада для дачы тлумачэнняў па гэтай справе выклікалі Алеся Кіркевіча.
Сёння раніцай ён таксама атрымаў копію пратакола.
Вадзім Саранчукоў дапускае, што зараз шукаюць іншых удзельнікаў мерапрыемства, на якіх таксама могуць быць пратаколы.
Паводле Выканаўчага адміністратыўнага Кодэксу, спагнанне па адміністратыўнай справе можа быць накладзена не пазней 2 месяцаў ад моманту правапарушэння.
27 кастрычніка ў Свіслацкім раёне за “парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў” 27 кастрычніка ў Свіслацкім раёне затрымалі чатырох чалавек: Алеся Крата, Станіславу Гусакову, Віталя Лопасава і Вітольда Ашурка. Траіх з іх асудзілі да адміністратыўных арыштаў, Віталю Лопасаву далі штраф.
26 лістапада адбыўся суд над жыхарамі Свіслачы Віктарам Дзесяцікам і Юрыям Глебікам, 27 лістапада – над Анатолем Валюком.