Гарадзенскія брэнды: Азот, тытунь і кумпяк
Дзеля дакладнасці вынікаў мы пыталіся выключна пра брэнды ў сферы вытворчасці і паслуг. Аднак, некаторыя людзі ўпарта казалі пра значныя грамадска-культурныя дасягненні горада.
Якім атрымаўся рэйтынг брэндаў Гродна паводле саміх гарадзенцаў бачна ніжэй. Цікава, што ў некаторых момантах ён адпавядае вынікам даследванняў украінскіх маркетолагаў “БелБрэнд – ТОП 100 беларускіх брэндаў”. Нагадаем, што паводле іх ацэнкі, гарадзенская марка Conte трапіла ў першую дзясятку. Яе патэнцыйны рынкавы кошт – 47,1 мільёна даляраў. І гэта вартасць адной толькі назвы!
Фірма/брэнд |
Людзі, якія назвалі |
Conte | 27 |
Молочный мир | 24 |
Гродна-Азот | 24 |
Тытунёвая фабрыка “Нёман” | 22 |
ABC | 16 |
Мясакамбінат | 13 |
Пальчаткавая фабрыка “Акцэнт” | 11 |
Абуткавая фабрыка “Нёман” | 10 |
ЗОВ | 6 |
Кронан Парк Гатэль | 5 |
Ювіта | 4 |
Элод | 4 |
Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы” | 4 |
Шклозавод | 3 |
Хімвалакно |
2 |
Піўзавод | 2 |
Дынама | 2 |
Белкард | 2 |
Alpha Centauri | 2 |
“Колобки” | 1 |
Гатэль “Семашко” | 1 |
Таксі Бертэль | 1 |
Галерэя “Крыга” | 1 |
Чабурэчная | 1 |
Фестываль нацыянальных культур | 1 |
Гродзенскі форум | 1 |
Блог s13 | 1 |
Няма брэндаў |
2 |
“Молочный мир” і “ABC”, якія займаюць адпаведна другое і пятае месцы ў гарадзенскім рэйтынгу, з’явіліся таксама і ў “БелБрэнд”, але на 91 і 14 месцах. На гэтым супадзенні заканчваюцца. Гэта значыць, рэшту фірм можна лічыць хутчэй брэндамі ўнутранымі, гарадскімі. Акрамя “Азота” – ён не трапіў ва ўкраінскі рэйтынг з-за метадалогіі. Гарадзенцы ж далі “горадастваральнаму” прадпрыемству другое месца ex aequo з малаказаводам. Прадказальна высокае месца тытунёвай фабрыкі.
Лідараў спісу ў трох словах ахарактарызаваў Мікола Шаўченка, кіраўнік лідскага клуба “Dies Magna”. “Азот, тытунь, кумпяк” – коратка пералічыў ён гарадзенскія брэнды.
Як гарадзенцы аргументавалі свой выбар? Акрамя таго, што таварамі ці паслугамі некаторых фірм яны карыстаюцца самі, апытаныя ўзгадвалі таксама памеры і геаграфію паставак прадукцыі, колькасць працаўнікоў, вядомасць і фінансавы стан уладальнікаў, колькасць рэкламы.
Гэтак, “брэндавасць” шклозавода ў тым, што ён прадукуе бутэлькі для Грузіі, а тытунёвая фабрыка “Нёман” славіцца дзякуючы кантрабандыстам. Палітолаг і фанат футбольнага “Нёман” Андрэй, які часта ездзіць паміж Гродна і Беластокам тлумачыць: “Столькі цыгарэт ідзе на экспарт праз Кузніцу, што іншай альтэрнатывы мы проста не маем!”. З ім згодны спявак Пётр Клюеў: “З пункту гледжання аб’ёмаў – толькі ГТФ “Нёман”. Гэтыя цыгарэты, перавезеныя кантрабандай, паляць потым нават у Лондане і Нарвегіі – я сам бачыў. Не вельмі пазітыўны брэнд, але факт”.
Трапілася і цікавае абгрунтаванне высокага месца для “Азота”: маўляў, “ходавая прадукцыя, калі супраць яго ўводзяць санкцыі”. Хаця “Азот” называлі ўсе, не кожны быў згодны з яго пазітыўнай роляй. “Пакуль ён працуе – ён неабходнае зло, што дае людзям працу, псуе экалогію і ператварае цэлы горад у закладнік, а калі зачыняць…то зло ўдвая горшае”, – сказаў нам адзін з апытаных.
Тыя два чалавекі, якія палічылі, што брэндаў у нас няма, вылучылі аднак “несапраўдныя брэнды”: Паўднёвы рынак і “кепскае гарадзенскае піва”, якога ўжо і няма.
Зусім няшмат чалавек спрабавала ўзгадаць штосці з мінулага, што магло ствараць сапраўдную марку Гродна. Андрэй Ціхаміраў, гісторык: “Былі такія пернікі з аленем святога Губерта. Іх выпускаў, здаецца, хлебазавод. Яны былі вялікія, памерам з малы торт, з аленем Губерта і салодкай палевай. Я памятаю, народ на сувеніры купляў. Цяпер іх хіба няма. А яшчэ радыё “Гародня” былі, такія кшталту радыёкропкі”.
Калі разглядаць асобна сферу паслуг, дык пра яе агулам згадвалі няшмат. Лідэрамі апынуліся Кронан Парк Гатэль і Гарадзенскі маёнтак Каробчыцы. “Маёнтак “Каробчыцы” гэта сапраўдны шок для вясковых людзей, якія не выязджалі за межы раёна. Як паездка ў Парыж. Ды і людзі з іншых гарадоў Беларусі захапляюцца”, – тлумачыў свой выбар Пётр Клюеў.
Тыя, хто галасаваў за клуб Alpha Centauri тлумачылі, што асноўная перавага гэтага месца – памер. Маўляў, гэта самая вялікая плацоўка такога тыпу ў краіне.
Нечаканым для нас адказам сталася Таксі Бертэль. Але ж сапраўды, першая прыватная фірма радыё-таксі існуе з лета 1995 года – чым не брэнд горада? Больш здзіўлення тады ўжо павінны выклікаць наяўнасць у рэйтынгу “Калабкоў” ды “Чабурэчнай”, а таксама тое, што пару чалавек упарта называла “Алмі” і “Элему”, хаця фірмы зусім не гарадзенская.
Некаторыя адказы паказалі, што суразмоўцы не зусім разумеюць нашае пытанне. Некалькі разоў у апытанні з’яўляліся такія брэнды, як “Князь Вітаўт” ці “Нармандыя-Нёман” (можа, мелася на ўвазе прадукцыя лікёра-гарэлачна завода?), брэндам называлі студэнтаў, “якія ў нас проста ў прамысловых маштабах”, брэндам называлі “Гародню – сталіцу панк-рока” ды “Гародню – горад музей”. Хаця апошнія два, як нам здаецца, зараз пад вялікім пытаннем.
Агулам, апытанне пацвердзіла нашыя здагадкі: брэнды горада паводле гарадзенцаў, гэта сапраўды “Азот, тытунь і кумпяк”. А яшчэ калготкі, малако і муштарда.