Пяць пар ў Гродне чакаюць “канца свету”, каб згуляць вяселле
12 снежня – апошняя дата з аднолькавымі лічбамі ў гэтым стагоддзі. Пасля чакаць падобнай даты давядзецца да 2101 года, калі наступіць 01.01.01. Нягледзячы на тое, што гэты дзень прыпадае на сераду – працоўны дзень, рэгістраваць свае адносіны менавіта ў гэты дзень захацелі 20 закаханых пар Гродна.
Для серады гэта даволі вялікая колькасць вяселляў, расказала намесніца дырэктара Дома грамадзянскіх абрадаў Надзея Мілоста:
“Дата 12.12.12 у Доме грамадзянскіх абрадаў апынулася досыць папулярнай. Нягледзячы на тое, што гэта працоўны дзень. Па-мойму, пары выбіраюць такія даты таму, што яны гучныя і іх лёгка запомніць.
Заўтра будзе зарэгістравана 18 пар, з іх 12 – ва ўрачыстай абстаноўцы. Гэта вялікая колькасць для буднага дня. У сярэднім, у працоўныя дні рэгіструецца 2-5 пар”.
У Доме грамадзянскіх абрадаў такой папулярнасці ў “сімвалічных” дат раней не было. Усё пачалося з 2007 года, калі 07.07.07 было зарэгістравана 26 пар. У 2008 годзе 08.08.08 – 28 пар, у 2009 годзе 09.09.09 – 14 пар, у 2011 годзе 11.11.11 – 22 пары. У 2010 годзе 10 кастрычніка выпала на нядзелю, калі шлюбы не рэгіструюцца.
На 21 снежня – дзень “канца свету” – ў Доме грамадзянскіх абрадаў заяву падала адна пара. Спадарыня Надзея звязвае адсутнасць ажыятажу ў гэты дзень з блізкасцю каталіцкага Божага Нараджэння.
У ЗАГСе Ленінскага раёна Гродна заўтра будзе зарэгістравана толькі дзве пары і толькі адна з іх – ва ўрачыстай абстаноўцы. У пятніцу 21-га снежня ў ЗАГСе злучаецца вузамі шлюбу толькі адна пара. На думку начальніцы ЗАГСа Ленінскага раёна Людмілы Танцаровай, гэта хутчэй звязана не са стэрэатыпамі. У снежні ў большасці робяць вяселлі людзі, не прывязаныя да рэлігійных пастоў.
Цікава, што жадаючых атрымаць прыгожую дату ў пашпарте праз ЗАГС Кастрычніцкага раёна не знайшлося. Яшчэ месяц таму былі тры пары, але ні ў каго з іх справа да практыкі не дайшла. На 21 снежня падалі заявы тры пары.
“Люстраныя” даты ў гарадзенцаў менш папулярныя. Напрыклад, на 20.12.2012 у Доме грамадзянскіх абрадаў не пададзена ніводнай заявы. У 2013 годзе бліжэйшая люстраная дата – серада 13.02.2013. У 2014 годзе люстраная дата патрапіць на пятніцу – дзень “Святога Валянціна” (14.02.2014).
Ілюстрацыя wedding-magazine.ru