Былы вязень: “Не ўспаміны з Асвенціму самае горкае”

На сустрэчу прыйшло 27 чалавек. Для іх быў прыгатаваны святочны абед і прадуктовыя падарункі. Усяго прадуктовых пачак, як кажуць у “Карытас”, падрыхтавалі для 95 былых вязняў лагероў і гета з усёй Гарадзеншчыны. Большую частку падарункаў разнясуць людзям асабіста або перададуць праз каталіцкія парафіі. Сталыя людзі проста не ў стане дайсці на сустрэчу з-за хваробаў. Некаторыя прыйшлі ў дом сясцёр назарэтанак па вуліцы Маладзёжнай з апекунамі.

 

На сталах стаялі прыгатаваныя прыборы для абеду, за імі і сядзелі запрошаныя госці. Некаторыя жанчыны ў шаляноўках на вясковы манер, а хтосьці і з прычоскай, упрыгожваннямі. Заўважыла, як некаторыя прыкрывалі твар рукамі ці адварочваліся ад процьмы камер прысутных журналістаў і фатографаў.

Ксёндз Віталі Дабраловіч, кіраўнік гарадзенскай “Карытас”, пачынае афіцыйную частку і запытваецца, на якой мове лепш выказвацца. Чуецца некалькі галасоў – па-беларуску. Святар запрашае спачатку коратка памаліцца і бласлаўляе ежу. Пасля прывітальнага слова і пажаданняў напярэдадні свят кс. Віталі прадстаўляе манаскую сястру Еву Танацку, якая з’яўляецца старшынёй праўлення Лодзінскага таварыства дапамогі былым палітычным вязням гітлераўскіх канцлагераў, турмаў і гетта. Яна штодня працуе ў Польшчы з былымі вязнямі ў сацыяльным цэнтры, куды тыя прыходзяць з рознымі мэтамі.

Не лічыце вашыя дні шэрымі, шануйце і любіце вашую старасць. Бо вы перажылі шмат і можаце дзяліцца гэтым з маладзейшымі”, – кажа сястра Ева.

 

align=”left” alt=”Захар Захаравіч Тарасевіч” >

Тут усе жадаюць адзін аднаму даўгалецця. Захар Захаравіч Тарасевіч, кіраўнік Гарадзенскага аб’яднання былых вязняў фашысцкіх канцлагероў, распавёў, што за год адыходзіць каля 10% сябраў аб’яднання. У 1997 годзе на Гарадзеншчыне было каля 9700 былых вязняў канцлагероў, сёння засталося каля трох тысяч.

 

“Члены нашага аб’яднання занесеныя ў Чырвоную кнігу”, – горка жартуе Захар Захаравіч. Але ён выказвае ўсім пажаданне сустрэць разам 70-годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай і “выпіць па келіху шампанскага ў 2015 годзе”.

 

Я назіраю за гэтымі людзьмі і думаю пра тое, што яны бачылі на свае вочы ў “рэальным рэжыме” тое, што я чытала ў дзяцінстве ў кнігах тыпу “Нельга забыць” і тое, што я зараз баюся глядзець у жудасным дакументальным кіно пра дзяцей вайны.

 

Я не стрымалася і пытаю Захара Захаравіча, як жыць пасля ўсяго перажытага? Сам Захар Захаравіч трапіў 9-гадовым хлопчыкам у Асвенцім. Там памерлі маці, брат, дзве сястры. Хлопчык быў донарам крыві для нямецкіх салдат, падвопытным для даследавання дзеянняў лекаў ці вірусаў у лагернай лабараторыі. Бачыў, як гараць крэматорыі дзень і ўначы. І як у бараках людзі па некалькі дзён чакалі сваёго лёсу – без ежы і вады.

 

Мы хадзілі, як шахцёры: на руках, твары была сажа ад паўсюднага дыму…”

 

Я пытаю, як можна жыць з такімі ўспамінамі? Як можна было будаваць сям’ю і нармальна выхоўваць дзяцей?

 

Ведаеце, здавалася б, адбылася такая страшная трагедыя з народам. Прайшло шмат гадоў. Хутка 68 год са сканчэння Другой Сусветнай. А сёння галадаюць мільёны людзей. Усё, што ствараецца новага, што выкарыстоўвае чалавечы розум, ідзе ў першую чаргу на ўзбраенне. Я нарадзіўся пры Сталіне, вучыўся пры Сталіне, быў у самым пекле вайны… І ведаеце, каб, здаецца, людзі сталі дабрэй. Вось я ёсць, а астатнія для мяне не існуюць.

Вы пытаеце, ці мучаюць мяне ўспаміны. Ну, здарылася і здарылася… Калі будзеш насіць у сабе гэтую горкую крыўду на тое, што адбылося, адыдзеш. Людзі ў святле тых страшных падзей сёння павінны быць шчырымі, прыстойнымі, добразычлівымі, любіць адзін аднаго. Зямля дазваляе стварыць шчаслівае жыццё для ўсіх. І вось, прайшоўшы ўсё гэта, самае горкае, самае цяжкае бачыць, якімі людзі сталі.

Удзельнікі сустрэчы атрымалі прадуктовыя пакеты ад Фонда імя Кольбэ і “Карытас”

 

Пасля абеду кс. Віталі разам з супрацоўнікамі “Карытас” і валанцёрам нямецкага фонду Георгам Таўбіцам уручылі гасцям падарункі. Георг ужо год добраахвотна працуе ў Мінску з былымі вязнямі канцлагероў.

 

На жаль, большасць з таго, што давялося перажыць вам, звязана з рэжымам Гітлера. Але я цешуся, што мая дапамога палягае не толькі на нейкай фінансавай падтрымцы, але непасрэдна і на асабістай дапамозе, якую я магу аказаць нейкаму канкрэтнаму чалавеку, – сказаў Георг.


     
  Нямецкае дабрачыннае таварыства імя Максімільяна Кольбэ ўжо шмат гадоў працуе, дапамагаючы ўсім былым вязням нямецкіх лагероў, гета і вязніц, якія жывуць у розных краінах. Валанцёры гэтага фонда таксама працуюць і ў Беларусі. За імя аб’яднанне абрала святога Максімільяна, які ў фашысцкім лагеры Аўшвіц добраахвотна пайшоў на смерць за незнаёмага чалавека, бацьку і мужа. Пяць гадоў свайго жыцця гэты святар правёў у Гродне.  
     


Здымкі аўтаркі і Вольгі Мілавай