Алесь Краўцэвіч уганараваны прэміяй імя Францішка Багушэвіча

|

Рэдакцыя “Твайго стылю” віншуе спадара Алеся і зычыць плёну ў гістарычных даследваннях.

 

Напярэдадні прэзентацыі кнігі, якая адбылася ў Гродне ў траўні 2012 года, Алесь Краўцэвіч распавядаў “Твайму стылю”:

 

Мая новая кніга – літаратурнае эсэ, але заснаванае на дакументах. Я гісторык, таму не магу фантазіраваць (дысцыпліна абавязвае), магу толькі рэканструяваць падзеі на падставе дакументаў.

Гэта біяграфія манарха, які упершыню аб’яднаў у адной дзяржаве ўсе гістарычныя землі Беларусі. Гэта стала адным з чыннікаў стварэння беларускага народа. Гедымін быў больш дыпламат, чым ваяр, больш стваральнік, чым разбуральнік, – вельмі рэдкая рыса для тагачаснага манарха.

 

 

Кнігу Алеся Краўцэвіча аздабляюць выдатныя ілюстрацыі Ігара Гардзіёнка

 

Гедымін больш чым удвая павялічыў тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, сабраўшы ў адзінай дзяржаве ўсе галоўныя гістарычныя вобласці Беларусі: Панямонне, Берасцейшчыну, Турава-Піншчыну, Полаччыну і Віцебшчыну.

 

Прэмія імя Францішка Багушэвіча заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1994 годзе. Уручаецца аўтарам гістарычных кніг, якія спрыяюць абуджэнню пачуццяў гістарычнай самасвядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў.

 

Акрамя Алеся Краўцэвіча сёлета прэмія прысуджана Уладзіміру Ляхоўскаму за кнігу «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасьць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX ст. — 1-й палове XX ст. (да 1939 г.)”.

 

Уручэнне прэміі адбудзецца ў пачатку 2013 года.

 

З  1996 года лаўрэятамі прэміі імя Францішка Багушэвіча былі Кастусь Акула, Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч, Лявон Баршчэўскі, Міхась Чарняўскі, Тацяна Процька, Вячка Целеш, а.Аляксандр Надсан, Зміцер Санько ды іншыя выбітныя аўтары.

 

Здымкі з архіва “Твайго стыля” і svaboda.org