15 снежня абвешчаны “Днём без алкаголю”

|

Кіраўнікі адміністацый Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Гродна накіравалі лісты кіраўнікам гродзенскіх прадпрыемстваў з заклікам далучыцца да акцыі і не прадаваць 15 снежня алкагольныя напоі.

 

Замест гэтага гарадзенцаў запрашаюць на спартовыя і культурныя мерапрыемствы.

 

У Румлёве і Ласосне ў гэты дзень плануецца масавае катанне на лыжах, якія будуць бясплатна выдавацца ўсім ахвотным.

У спартовай зале па вул.Урублеўскага, 92 адбудзецца гульня XXI Чэмпіянату Беларусі па баскетболе (мужчыны, дубль); у СТК “Вікторыя” (вул.Гагарына,18/1) пройдзе XXII Чэмпіянат Беларусі па валейболе(мужчыны, вышэйшая ліга).

 

У абласным драмтэатры на 15 снежня запланаваны канцэрт “Музыка вялікіх гарадоў”, а ў Цэнтры культуры (Ажэшкі, 30) – рок-канцэрт.

 

Напярэдадні, 14 снежня, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання Кастрычніцкага раёна Гродна прапануе псіхалагічную дапамогу людзям, схільным да ўжывання алкагольнымі напоямі.

 

 

Акцыя “Прафілактыка і ТЫ!”  ладзіцца для “павышэння культурнага ўзроўню насельніцтва, фармавання ўсвядомленых законапаслухмяных паводзін”.

 

Дзеля дасягнення мэтаў акцыі, да ўдзелу ў мерапрыемствах плануецца прыцягнуць спартоўцаў, дзеячоў культуры і навукі, прадстаўнікоў рэлігійных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, арганізаваць бясплатнае “кадзіраванне” ад алкагольнай залежнасці.

 

Акцыя ладзіцца па ініцыятыве МУС, міністэрстваў аховы здароўя, спорту і турызму, культуры,працы і сацыяльнай абароны.

На сёння на наркалагічным уліку ў Беларусі стаіць больш за 190 тысяч хранічных алкаголікаў.

 

Паводле http://grodno.gov.by , http://uvd.grodno.by

Здымак http://2queens.ru