Як я трапіў у міжнародны скандал

|

Мяне зацікавіла і тое, што я напаткаў аж 12-е выданне кнігі. Згадзіцеся, рэдкая з’ява ў наш час. Аднак, пачаўшы чытаць “дакументальную аповесць”, я ўжо праз некалькі старонак літаральна схапіўся за галаву. Мала таго, што кніжка была напісана на вельмі нізкім літаратурным узроўні. Кідалася ў вочы неймаверная колькасць прымітыўнай хлусні, шакавалі шматлікія сцэны гвалту з навязлівымі падрабязнасцямі. Карацей кажучы – сачыненне, разлічанае на самага непатрабавальнага чытача.

 

Але найбольш мяне ўразіла тое, што сваю псеўдадакументалістыку Віктар Нікалаеў падаваў у своеасаблівай рэлігійнай абгортцы. Прызнаюся, такое спалучэнне нізкапробнай халтуры і быццам бы высокіх хрысціянскіх разважанняў я сустрэў упершыню. Яшчэ больш я здзівіўся, калі даведаўся, што сёлета кніжка Віктара Нікалаева атрымала Патрыяршую літаратурную прэмію ў Маскве. З усёй Расіі кампетэнтнае журы выбрала толькі двух чалавек для ўручэння такой высокай узнагароды. Адным з іх і стаў Нікалаеў.

 

Тут ужо я не вытрымаў і вырашыў напісаць ліст у рэдакцыю расійскай “Литературной газеты”, якую чытаю яшчэ з савецкіх часоў. Паважанае выданне надрукавала мой артыкул “На какую ногу опирался маршал Жуков?” на сваім сайце і ў № 37 газеты. У кароткім пасляслоўі рэдакцыя “ЛГ” слушна заўважыла:


“Мы лічым, што ўтварэнне Патрыяршай літаратурнай прэміі – адна з ключавых падзей у культурным жыцці краіны за апошні час. Тым больш, экспертам, якія прапануюць кнігі на гэтую высокую ўзнагароду, трэба адносіцца да выбару сур’ёзна, прафесійна і адказна”.

 

На маю публікацыю амаль адразу адгукнуўся капітан спецназа ГРУ ў адстаўцы Андрэй Броннікаў з Томска, які сам ваяваў у Афганістане. У лісце на электронную пошту ён згадзіўся з маімі высновамі. Я палічыў, што справа зроблена і ўсе кропкі над і расстаўлены. Аднак усё толькі пачыналася.

 

Са спецыяльнай заявай да СМІ выступіў сустаршыня Саюза пісьменнікаў Расіі Уладзімір Крупін. Вось што ён напісаў:

 

Артыкул у «Литературной газете» дачынення да літаратурнай крытыкі не мае […] Крыўдна, што абражальна-зневажальны тон даляцеў з братняй Беларусі. Хаця ён мог быць і з іншага месца, ад іншага аўтара, тут справа ў замове на ачарненне Праваслаўнай царквы, у чарговым нападзе на Свяцейшага Патрыярха. Артыкул гэты знаходзіцца ў адным шэрагу са скокамі ў храме, з “крыжапавалам” і не робіць гонару яго аўтару Ю. Камягіну”.

 

Вось так безапеляцыйна, ні больш, ні менш. Праўда, ніякай аргументацыі ў адказ паважаны літаратар не прывёў ды, відаць, і не імкнуўся гэтага рабіць.

 

Пасля такой заявы ў інтэрнэце вынырнуў нехта Андрэй Хвалін, адзін з рэдактараў кнігі Віктара Нікалаева. У сеціве ён рэкламуецца як пісьменнік, журналіст, багаслоў і грамадскі дзеяч, аўтар кнігі “Узнаўленне манархіі ў Расіі”. У 2006 годзе Андрэй Хвалін закончыў багаслоўскае аддзяленне Праваслаўнага Свята-Ціханаўскага ўніверсітэта.

 

Здавалася б, адукаваны і дасведчаны чалавек, чаму ж у працэсе рэдагавання ён не падказаў аўтару, што так пісаць проста сорамна? А таму, адказвае мне Хвалін, што кніга добра выхоўвае юнае пакаленне расіян і ўвогуле ўзор сённяшняй расійскай літаратуры. Мяне ж спадар Хвалін параўноўвае са здраднікам, які сігналізуе немцам пра партызанскі атрад. Адкуль узнікла такая паралель? Хто ж яго ведае, ну, загадкавая руская душа ў чалавека.

 

Пасля артыкула Андрэя Хваліна ў паядынак уступіў другі рэдактар нікалаеўскага сачынення Леанід Балоцін. Таксама, відаць, не апошні чалавек у расійскім бамондзе, узначальвае часопіс “Царь-колоколъ”. У адрозненне ад свайго калегі па нялёгкай рэдактарскай справе, які мяне мякка ўшчуваў ды вучыў уму-розуму, Леанід Балоцін, асабліва не цырымонячыся, абрушыўся на мяне з бруднай лаянкай. Ды і зразумела… Расійскі манархіст закончыў факультэт журналістыкі МДУ, а пасля яшчэ і гістарычны факультэт гэтага ж універсітэта, але пачынаў сваю кар’еру грузчыкам на агароднінасховішчы. Гэта, відаць, глыбіннае.

 

І вось, калі палемічны накал дасягнуў, здаецца, сваёй вышыні, нечакана для мяне грымнула цяжкая артылерыя з беларускага боку. З вялікім артыкулам у маю абарону ў газеце “СБ. Беларусь сегодня” выступіў галоўны рэдактар Павел Якубовіч. Напісана, на мой погляд, з тым задорам, які людзям майго пакалення памятаецца па публікацыях гэтага аўтара яшчэ ў савецкія часы ў газеце “Знамя юности”.

 

Увогуле ў гэтай міжнароднай дыскусіі больш за ўсё мяне здзівіла рэакцыя расійскіх ультра-патрыётаў на тое, што іх крытыкавалі менавіта з Беларусі. Як жа так, тут жа, на іх думку, усе свае, беларусы, якія толькі і мараць пра аднаўленне Расійскай імперыі. Скажу шчыра, з такой публікай  ні ў якія саюзы ўступаць не хочацца.