Перадсвяточны ажыятаж на шоп-туры ў Беласток
На 20-тыя лічбы снежня людзі запісваліся больш, чым за месяц раней.
Па словах Алены – спецыяліста фірмы “ДрайвБус”, на бліжэйшыя выходныя ўжо няма месцаў. Калі хто-небудзь хоча паехаць заўтра, ёсць магчымасць заняць месца таго, хто адмовіўся. Даведацца аб вызваленым месцы можна толькі патэлефанаваўшы напярэдадні вечарам.
“Напрыклад, сёння людзі адмовіліся ад забраніраваных месцаў. Сказалі, што баяцца ехаць з-за ўмоў надвор’я. І нават не з-за таго, што чэргі вялікія. На мяжы цяпер няма вялікага ажыятажу, бо многія не рызыкуюць ехаць. Вядома, такая сітуацыя склалася з-за святаў. Такі ажыятаж з паездкамі бывае толькі ў снежні” – кажа Алена.
Некаторыя гарадзенскія фірмы зусім адмянілі рэйсы ў Беласток з прычыны пагодных умоў. Як паведамілі ў трансагенцтве “Фаварыт”, яны не ведаюць пакуль, калі будуць ездзіць. Усё будзе залежаць ад надвор’я і ўмоў на польскіх дарогах ад Кузніцы да Беластока.
У фірме “Кортакс” супрацоўніца Ганна расказала пра тое, што на выходных іх маршрутка ехала з Беластока да Кузніцы 6 гадзін:
“Учорашняя сітуацыя была звязана з 30-кіламетровай чаргой грузавых машын на польскім баку. Учора на трасе быў арганізаваны папераменны рух: транспарт ехаў спачатку ў адзін бок, потым рухаўся ў супрацьлеглы накірунак. У выніку дарога з Беластока да Кузніцы заняла 6 гадзін.
Нягледзячы на ўмовы надвор’я, мы збіраемся працаваць. 30 снежня ў нас апошні рэйс”.
У “ТрансЛонданК” патлумачылі, што ёсць яшчэ вольныя месцы на 24 снежня:
“Мы гэты дзень дадалі пазней, бо ён скарочаны. А да 29 ужо ўсё распісана. 30 снежня рэйсаў ужо няма.
Мы вырашылі не здымаць рэйсы з-за пагодных умоў. Учора наш кіроўца змог аб’ехаць затор па іншай дарозе. Да новага года мы плануем працаваць у звычайным рэжыме, але пакуль цяжка казаць”.
Шоп-туры ў Беласток у гарадзенцаў карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Штодзённыя паездкі праходзяць з заездам на рынак і гіпермаркеты Беластока кожны дзень. Што асабліва прыцягальна, мікрааўтобусы не стаяць у агульнай чарзе на мяжы.
Зараз у Польшчы памер пераднавагодніх зніжак даходзіць да 70 адсоткаў.
“Нашы шматлікія кліенты кажуць, што да 10-й раніцы на прылаўках ужо нічога няма, – распавядае працаўнік адной такой транспартнай фірмы. – Прыязджаюць “нашы” і змятаюць ўсё дарэшты. Палякі абураюцца і недалюбліваюць нас з-за гэтага. Ім бедным, напэўна, цяпер застаецца хадзіць у супермаркет па начах.
Калі людзей пытаеш, ці будуць яны везці буйнагабарытныя рэчы, то кожны другі кажа, што едзе толькі за прадуктамі.
Некаторыя ўсё ж такі вязуць бытавую тэхніку – хочуць нешта ўрваць да новага года, таму што асцерагаюцца павышэння мытных пошлін”.
На здымку: чэргі на дарозе з Беластока ў Кузніцу, выкліканыя снегам. Раніцай 16 снежня чарга грузавых аўтамабіляў дасягала 28 кіламетраў. Здымак Agencja Gazeta, bialystok.gazeta.pl