Замест вызвалення – сустрэча з адвакатам
Сёння Дашкевіч меў сустрэчу з адвакатам – пятую за апошнія 2 месяцы.
“Наша задача – падтрымаць Зміцера ў гэты дзень, падбадзёрыць, перадаць, што мы яго любім і чакаем, – кажа нявеста вязьня Наста Палажанка, якая кожны раз прыязджае ў Гродна разам з адвакатам.
Сама яна не можа сустрэцца з Дашкевічам, сувязь трымае праз лісты, якія Зміцер піша амаль штодня, і адваката.
Сёння праз адваката даведалася, што вязень пачувае сябе бадзёра і выглядае добра.
Лідара “Маладога фронту” затрымалі ў Мінску разам з сябрам арганізацыі Эдуардам Лобавым напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Яны нібыта збівалі незнаёмых ім Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Па гэтым абвінавачванні 24 сакавіка 2011 года Дашкевіч атрымаў 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобаў —4 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Абое прызнаныя “Міжнароднай амністыяй” вязьнямі сумлення.
Эдуард Лобаў знаходзіцца ў калоніі № 22 у Івацэвічах.
Дашкевіча некалькі разоў пераводзілі з месца на месца: з Горак у Глыбокае, пасля ў Мазыр. У Мазырскай калоніі ён пераважна ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары.
28 жніўня 2012 года асуджаны як злосны парушальнік рэжыму да яшчэ аднаго года калоніі, у пачатку лістапада пераведзены ў Гродзенскую турму.
У часе зняволення Зміцер Дашкевіч цярпеў катаванні і ціск з боку адміністрацыі калоній.
Падтрымаць палітвязняў можна, даслаўшы лісты на адрасы:
230023, Гродна, вул. Кірава 1. Турма № 1. Дашкевічу Дзмітрыю Вячаслававічу.
225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, «Воўчыя норы», а/с 20, папраўчая калонія № 22. Лобаву Эдуарду Юр’евічу.
Здымак http://gazetaby.com