“Жывая гісторыя” ажывіла часы Элізы Ажэшкі
На выставе ў аддзеле мастацтва абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага прадстаўлены прадметы з прыватных калекцый гарадзенскіх калекцыянераў: Аляксандра Сявенкі, Алеся Госцева, Януша Паруліса.
Тут можна ўбачыць прыжыццёвыя кнігі Элізы Ажэшкі і матэрыялы пра яе жыццё, асобнікі за розныя гады выданняў “Kłosy” і “Tygodnik Ilustrowany”, у якіх друкавалася пісьменніца. Таксама выстава сабрала і іншую літаратуру другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.
Па словах галоўнага бібліятэкара аддзела мастацтва Людмілы Удавенка, у гэты перыяд у горадзе пачынаў складвацца пласт шматкультурнай інтэлігенцыі:
“На выставе знайшла месца літаратурная барацьба паміж прадстаўнікамі класічнай літаратуры, у асноўным рамантычнай хвалі, і маладымі літаратарамі ХІХ стагоддзя ў Варшаве. Эліза Ажэшка была на баку апошніх. Яна не прымала рамантызм і лічыла, што прыўзнятыя прамовы і багатырскія ўчынкі не адлюстроўваюць штодзённае жыццё”.
На стэлажах шмат старых кніг, газет, лістоў, друкаваных і рукапісных дакументаў, афіцыйных папер гарадзенскіх дзяржаўных устаноў, паштовак прыватных людзей. Шмат прадметаў інтэр’еру: мэбля, посуд, жаночыя ўпрыгожванні. Ёсць у калекцыі і ручка, чарнільніца і фотаапарат узору таго часу.
Як расказвае калекцыянер Януш Паруліс, многія рэчы з выставы належалі да яго сям’і:
“Мы тут кланам жылі. Дамы з часам поразвальвалі. Нешта часткова разбазарылі, а частка трапіла да мяне. Нейкія рэчы я купляў або абменьваў, прывозіў з Гданьска, Вільні, Рыгі, Мінска. Калі рэчы не на выставе, іх захоўваю ў сябе за “кратамі”. У маёй краме ёсць такое памяшканне з кратамі на вокнах.
Некаторыя прадметы маюць вялікую каштоўнасць, некаторыя зусім дробязныя. Тым не менш, яны ўсе старыя, прыемна на іх глядзець. Кожная рэч прыгожая па-свойму, зробленая з душой”.
Яшчэ на выставе можна ўбачыць дарэвалюцыйныя фатаграфіі з выявамі Гродна і гарадзенцаў. Прадстаўленыя працы паказваюць як развівалася фотамастацтва таго перыяду ў Гродне. Ужо ў 1860-х гадах у горадзе была развітая сетка фотамайстэрняў. Фотаздымкі захавалі выдатную якасць нягледзячы на сваю даўніну. Дарэчы, зазірнуўшы на адваротны бок многіх з іх, можна ўбачыць, у якой фотамайстэрні яны былі зроблены.
Калекцыянер Аляксандр Сявенка: “Сутнасць выставы ў тым, каб сабраць рэчы пэўнай тэматыкі і часу. Паасобку яны не ўяўляюць цікавасці. Кнігі, дакументы, фатаграфіі з маёй калекцыі маюць дачыненне да гісторыі Заходняй Беларусі. Я іх збіраю для выкарыстання ў навуковых працах па гісторыі Гарадзеншчыны. Гісторыі многіх экспанатаў, прадстаўленых тут, я ўжо распавядаў у сваіх навуковых працах”.
Разам з выставай арганізатары правялі ў доме Элізы Ажэшкі дабрачынны аўкцыён прадметаў мастацтва.
Было прапанавана 20 лотаў, у куплі якіх удзельнічала 16 прадпрыемстваў горада: Малочны Мір, Гродзенскі мясакамбінат, СТ “Купала”, Белдзяржстрах, Гроднажылбуд, Гродзенскі шклозавод, Гродзенскі механічны завод, Хімвалакно, Гродна Азот і іншыя.
У выніку продажаў сабрана 49,5 мільёнаў рублёў. Самай дарогай апынулася карціна Нікалая Бандарчука “Возера каля Гожы”, прададзеная за 4,8 мільёны рублёў. Тры карціны батык Юліі Болбат “Зіма”, “Лета” і “Вясна” сышлі з малатка разам за 8,1 мільёнаў рублёў.
Па ўмовах аўкцыёну ўдзельнікі павінны зрабіць аплату да 21 снежня. Грошы, сабраныя ад продажу карцін і скульптур, пойдуць на куплю падарункаў дзецям-інвалідам і сіротам.
Адна з арганізатарак праекта “Жывая гісторыя” Вераніка Кузьміч расказвае, што карціны збіралі ў мясцовых мастакоў:
“Мы звярталіся і ў каледж мастацтваў і ва ўніверсітэт. Унікальнасць сённяшняга дня ў тым, што праходзіць дабрачынны аўкцыён, якіх не было ў Гродне амаль 20 гадоў. Яго можна назваць разынкай мерапрыемства.
Чаму менавіта Эліза Ажэшка? Яна гонар нашага горада. Пісьменніца заўсёды была добрая да дзяцей, ладзіла дабрачынныя вечары”.
У наступныя дні праект рыхтуе яшчэ шмат сюрпрызаў удзельнікам, кажа Вераніка.
“У нас будзе выстава дзіцячых малюнкаў. Па выніках мы хочам выканаць дзіцячыя мары. На адваротным баку дзеці пісалі лісты Дзеду Марозу і загадвалі жаданні. Вось мы трохі і пачаруем”.
Здымкі Яна Лялевіча і аўтаркі