Беларуска-літоўскае вызваленне трактарыста
Па словах начальніка прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандра Цішчанкі, увечары 19 мая літоўскія жыхары на мяжы Беларусі і Літвы каля вёскі Вялікія Мядзенінкі, знайшлі ў меліяратыўным канале, якія адначасова праходзіць па лініі мяжы, перавернуты трактар з прыцэпам. У трактары знаходзіўся заціснуты чалавек – працоўны памежнага беларускага СПК. Трактар збіраў камяні з палёў пасля пасяўной, але вадзіцель не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у канаву.
Пра здарэнне паведамілі літоўскім памежнікам, якія праінфармавалі беларускіх калег, выклікалі літоўскіх выратавальнікаў, супрацоўнікаў дарожнай міліцыі і хуткай дапамогі. З беларускага боку прыехалі падраздзяленні МНС, ДАІ і хуткай дапамогі. На працягу 25 хвілін мужчыну вызвалілі з трактара, для чаго давялося выкарыстоўваць гідраўлічныя нажніцы і іншыя спецінструменты. Пасля яго адвезлі ў ашмянскі шпіталь.
Беларускія памежнікі выразілі ўдзячнасць літоўскім калегам за аператыўную дапамогу. Уратаванне трактарыста стала магчымым дзякуючы пагадненням аб рэжыме мяжы: яны прадугледжваюць такія сумесныя дзеянні беларускіх і літоўскіх супрацоўнікаў, дадаў Аляксандр Цішчанка.
Паводле БЕЛТА