Сустрэць Бэтлеемскі агонь у Гродне прыехаў высокі каталіцкі іерарх
Літургію з гэтай нагоды пасол Ватыкана цэлебраваў на беларускай мове.
Гарадзенская катэдра сустракала Бэтлеемскае святло ўжо ў 15 раз. Традыцыйна з польска-беларускай мяжы яго прывезлі беларускія харцэры пры падтрымцы Генеральнага консула Анджэя Хадкевіча. Перадача агню звычайна адбываецца ў канцы рабочага дня, таму вернікаў на самой падзеі прысутнічае не так шмат. Аднак гэтым разам гарадзенцы былі папярэджаныя пра візіт высокага госця, таму храм быў проста перапоўнены.
Прыезд ватыканскага пасла прыцягнуў надзвычайную ўвагу медыяў. Журналісты ўсіх магчымых СМІ чакалі напагатове ўжо задоўга да пачатку цырымоніі. 10-хвілінная размова нунцыя з журналістамі перад літургіяй аб’яднала ўсіх – плячо да пляча стаялі “Белсат”, “СТВ”, “АНТ”.
Арцыбіскуп Гуджэроці запальвае свечку ад Бэтлеемскага агню
Для арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці падзея таксама была цікавай – у Італіі такой традыцыі няма, і нунцый сустракаў Бэтлеемскі агонь упершыню ў жыцці.
“Я прыехаў у Гродна, каб сустрэцца з мясцовымі святарамі. І адным з пунктаў праграмы з’яўляецца сустрэча агню з Бэтлеема. Для мяне гэта асаблівы знак – сустрэць агонь супакою ў горадзе, які прадстаўляе сабой традыцыю каталіцызму ў гэтай краіне”.
Надзвычайная колькасць фатографаў каля алтара абурала вернікаў на першых лавах. Некаторыя не вытрымлівалі і абурана шапталі ў спіны фатографаў: “Ідзіце адсюль! У касцёле маліцца трэба, а не з палкамі бегаць!” Некаторыя бабулі фатографаў абаранялі – а як іншыя ўбачаць нунцыя, калі не змаглі прыйсці на літургію?
Харцэры везлі Бэтлеемскі агонь ад самай мяжы з Польшчай
Пробашч кс. Ян Кучынскі ў канцы Імшы падзякаваў арцыбіскупу Гуджэроці за тое, што за год працы ў Беларусі нунцый так добра навучыўся цэлебраваць літургію на беларускай мове. Ватыканскі пасол сапраўды вельмі старанна прамаўляў беларускія словы, хоць і з акцэнтам. Але гарадзенскія вернікі па звычцы адказвалі па-польску.
Сапраўды, галоўныя набажэнствы ў катэдры збольшага праводзяцца на польскай мове. Беларуская мова ў гарадзенскіх касцёлах выкарыстоўваецца не вельмі шырока: у некалькіх храмах ёсць беларускамоўныя літургіі, а ў часе галоўных набажэнстваў па-беларуску чытаюцца ўрыўкі з Евангелля або часткова пропаведзь святара.
Таму даходзіла да абсурду: беларускамоўнае “Ойча наш” італьянца Гуджэроці гучала адначасова з польскамоўным “Ojcze nasz” гарадзенцаў.
Нунцый перадае агонь
Пасля літургіі нунцый разам з гарадзенскім біскупам урачыста перадалі Бэтлеемскі агонь прадстаўнікам іншых дэлегацый, якія павязуць яго ў іншыя гарады, мястэчкі і вёскі Беларусі, запальваючы ў каталіцкіх і праваслаўных храмах. Гэтым разам не змаглі прыехаць скаўты з Расіі, хутчэй за ўсё з-за надвор’я. Каля 10 год сюды за Бэтлеемскім агнём прыязджала моладзь з Ніжняга Ноўгарада, якая пасля везла яго ў Маскву запальваць у катэдральным касцёле. Гэтым разам святло супакою трапіць у Расію праз мінскіх скаутаў, якія прыбылі ў Гродна.
У гарадзенскай катэдры агонь з Бэтлеему будзе гарэць да 6 студзеня. Сюды можна прыйсці і запаленую ад яго знічку прынесці дахаты да вігілійнага стала.
“У нас ёсць традыцыя, што 24 снежня ў Вігілію ўся сям’я збіраецца за сталом, дзеліцца аплаткай, запальваюцца свечкі, – расказаў пробашч катэдры кс. Ян Кучынскі. – Штогод мы запрашаем і каталікоў, і праваслаўных, якія святкуюць Вігілію 6 студзеня, запаліць свечку з Бэтлеемскага агню як знак супакою, дабра і любові ў сваёй сям’і”.
Штогод аўстрыйскія скаўты бяруць агонь у месцы нараджэння Ісуса ад незгасаючай лампадкі ў базыліцы Раства Хрыстова ў Бэтлееме і дастаўляюць яго на самалёце ў Аўстрыю. Як патлумачыў кс. Ян, Ісус Хрыстос з’яўляецца святлом, якое прыйшло ў свет усіх асвяціць. Таму агонь з Бэтлеему называюць агнём супакою.
Звычайна агонь запальвае які-небудзь аўстрыйскі хлопчык, які вылучаўся сваімі добрымі паводзінамі. Сёлета з-за напружанай сітуацыі ў рэгіёне агонь запальваў 11-гадовы хлопчык з арабскай хрысціянскай сям’і з Бэтлеема.
Вернікі запальваюць свечы аб Бэтлеемскага агню, каб забраць яго дадому
Здымкі Яна Лялевіча