Карункі з перламутру паказалі на святочнай выставе ў музеі рэлігіі

На выставе можна ўбачыць унікальныя зоркі з перламутру ад майстроў з Палестыны і Афона. Выстава змяшчае 18 прац з перламутру – гэта кампазіцыі, зоркі, абразы, выкананыя з ракавіны. Іх перадала на выставу ігумення гарадзенскага Свята-Раства-Багародзічнага манастыра матушка Гаўрыіла.

 

Гэтыя далікатныя абразкі і кампазіцыі ХІХ і ХХ стст. выканалі ў Іерусаліме і Віфлееме. Лічыцца, што вырабы з тых мясцовасцей найбольш дасканалыя і прыгожыя, распавяла навуковы супрацоўнік музея Галіна Хамко.

 

У часы ранняга хрысціянства Айцы Царквы параўноўвалі перламутр з Маці Божай: як перламутр нараджае перлавінку, так Маці Божая нарадзіла дзіця – Ісуса Хрыста. Белы перламутр лічыўся сімвалам чысціні, якую ўвасабляе Багародзіца.

 

Перламутр навучыліся апрацоўваць з далёкіх часоў. Для такой тонкай працы падыходзіць толькі марскі перламутр, прычым з цёплых мораў. Апрацоўка перламутру вельмі цяжкая і карпатлівая. Тачыла, напрыклад, павінна быць заўсёды халодным, бо ад цёплага перламутр трэсне ці пацямнее.

 

На выставе можна ўбачыць усе этапы, як чалавек вучыўся апрацоўваць перламутр. Спачатку пачалі выдрапваць па ім малюнак, пасля чалавек навучыўся выразаць рэльеф – чым больш глыбокі рэльеф, тым больш ён дасканалы, але і цяжкі ў выкананні.

 

Рэльефная кампазіцыя з перламутру

 

Вяршыняй апрацоўкі перламутру лічыцца скразная разьба – у выніку на крохкім перламутры з’яўляюцца далікатныя карункі. На такую апрацоўку здольныя толькі майстры з Іерусаліма і Віфлеема. На Афоне такая разьба сустракаецца вельмі рэдка.

 

Фрагмент кампазіцыі

 

Яшчэ цікавая тэхніка – танаванне ракавіны. Для гэтага выкарыстоўваліся фарбы для ваўнянай тканіны. Цікава, што ад гэтай фарбы сваіх якасцей перламутр не страчвае, а толькі набывае каляровае адценне.

 

Кампазіцыя Раство Хрыстова

 

На выставе змешчана яшчэ адна вельмі цікавая рэч – абраз Маці Божай Віфлеемскай. Гэтая ікона захоўваецца ў адным з самых старажытных храмаў у хрысціянскім свеце – храме Раства Хрыстова. Гэты, бадай, адзіны абраз, на якім Маці Божая ўсміхаецца. На іншых іконах па строгіх праваслаўных канонах мы бачым яе сур’ёзнай, або як яна смуткуе ці мілуе свайго Сына. Але з усмешкай можна ўбачыць толькі на Віфлеемскай іконе. На выставе абраз таксама ўпрыгожаны перламутрам. Да гэтай іконы моляцца з просьбай аб дабрабыце для ўласных дзяцей.

 

Справа – абраз Маці Божай Віфлеемскай

 

Калядную выставу Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі ладзіць ужо чацвёрты год запар. Першай была агульная калядная выстава, пасля рабілася экспазіцыя з акцэнтам на елачныя цацкі, у мінулым годзе – на калядныя паштоўкі. Сёлетняя калядная выстава распавядае пра Віфлеемскую зорку.

 

Падаецца, гэтая выстава вельмі добра стварае сапраўды святочны калядны настрой. Зрэшты, дачынення да калядных свят яна мае значна больш, чым перадкалядны шопінг.