Перадкалядны вернісаж дзіцячага малюнку прайшоў у Гродне
Аўтары малюнкаў – дзеці, выхаванцы дзіцячых прытулкаў у Панямуні, Лойках, а таксама гродзенскага змешанага дзіцячага дому. Тэма, вядома, святочная: “Я чакаю Новы год”. Да кожнага малюнка маленькія мастакі далучылі лісты з пажаданнямі ды просьбамі да Дзеда Мароза.
Працы выхаванцаў Панямуньскага дзіцячага дома
“Выканалі жаданні дзетак як маглі – на колькі хапіла сілаў, – кажа Валянціна Луцэвіч, загадчыца дзіцячага філіяла Гродзенскай абласной бібліятэкі, – такую акцыю ладзім першы год. Я веру, што такая традыцыя захаваецца. Бачыце, як дзеці цешацца?”
Вернісаж адкрыўся пастаноўкай “12 месяцаў” у выкананні вучняў 2 “А” класа 8-й школы. Далей, вядома, карагоды, песні, конкурсы… Дзед Мароз з выразным расейскім “о-каннем” пацешыў усіх нечаканым зваротам да прысутнага ідэолага з аблвыканкама Паўла Скрабко: “Эй, мужык в пиджаке, ждал дедушку? А я приду к тебе!”
Адпускаць Дзеда Мароза дзеці не хацелі, сышоў ён адным з апошніх.
Повязь акцыі з імем Элізы Ажэшкі не выпадковая: пісьменніца на Каляды прымала ў сваім доме незаможных дзяцей, таму можа лічыцца закладальніцай дабрачынных вечарынаў у Гродне.
Вучні СШ №8, якія прадставілі пастаноўку “12 месяцаў”
Здымкі Яна Лялевіча