Чарнякевіч і Вашкевіч сталі гасцямі “Варштата Ідэй”

|

Два Андрусі, Вашкевіч ды Чарнякевіч, выступаючы па чарзе закранулі пытанне: “Як данесці веды аб гісторыі горада да людзей?” Згодна з логікай гісторыкаў, паміж аб’ектам, напрыклад, старым будынкам, ды спажыўцом, чалавекам з вуліцы, мае нехта стаяць. Хто? Як мінімум навуковец і папулярызатар – ужо дзве асобы.


“Праблема ў тым, – заўважае Вашкевіч, – што ў нашых умовах вельмі часта і навуковец, і папулярызатар, а часам і спажывец – тая самая асоба. Так быць не павінна. Інакш атрымліваецца, што праца робіцца для саміх сябе”.

 

Шмат якія праблемы развіцця гістарычнага турызму ў сучаснай Беларусі звязаныя з перашкодамі ідэалагічнага характару, а таксама з цяжкасцямі камерцыялізацыі асобных аб’ектаў ды ідэй. Гісторыя з забароненым падручнікам “Гродназнаўства” – таму доказ.

Андрэй Вашкевіч паказвае прыклады лагатыпаў гарадоў

 

Ішла размова і пра брэнды розных гарадоў нашага рэгіёна Еўропы: Варшавы, Познані, Беластоку, Львова, Вроцлава… Нядаўняя спроба стварэння турыстычнага брэнду Мінска з выявай мікрасхемы: “Think Minsk” выглядае на фоне рэшты крыху кур’ёзна.

 

Брэнд Гродна – яшчэ ў распрацоўцы, хоць у афіцыйных колах папулярызуецца ідэя “аленя” ў розных варыяцыях. У якасці хатняга задання ўдзельнікі маюць прапанаваць свае варыянты сімвала горада над Нёманам.

 

Сустрэча ладзілася ў межах гарадзенскай грамадскай ініцыятывы “Варштат ідэй”, мэта якой – ахова культурнай спадчыны ў Гродне. Папярэдне падобныя сустрэчы ладзіліся з Антонам Астаповічам, Андрэем Шулаевым, Сцяпанам Стурэйкам ды іншымі.

 

Здымкі Яна Лялевіча