Грашовая рэформа 1947: як гэта было
Усе аўтары звяртаюцца да адпаведнай Пастановы Савета міністраў СССР і ЦК ВКП(б) ад 14 снежня 1947 года, але цытуюць толькі асобныя месцы адтуль. Я ж прачытаў гэты дакумент цалкам у кнізе “Рашэнні партыі і ўрада па гаспадарчых пытаннях”, выдадзенай у Маскве ў 1968 годзе. Прачытаў і быў проста ашаломлены той віртуознасцю, з якой тагачасная ўлада абрабавала (іншае слова тут цяжка знайсці) жыхароў вялікай краіны. Мяркуйце самі.
Усе наяўныя грошы, якія меліся на руках у насельніцтва, мяняліся ў суадносінах 10:1. За дзесяць старых рублёў давалі адзін новы. З накапленнямі, што знаходзіліся ў ашчадных касах, адбывалася наступнае: сумы да 3000 пераацэньваліся рубель за рубель. Звыш гэтай мяжы і да 10000 абмен ішоў такі: за 3 старых рублі давалі 2 новых. Для грошай звыш 10000 дзейнічала шкала абмену: за 2 рублі старых грошай атрымай адзін новы. Тыя, хто хацеў згуляць з дзяржавай у азартныя гульні і набываў аблігацыі выйгрышнай пазыкі, атрымалі такі падарунак: аблігацыі мянялі ў суадносінах 5:1. Адначасова да жніўня 1948 года адкладвалася правядзенне тыражоў розыгрышаў і выплата працэнтаў.
Мой бацька, які ў 1947 годзе служыў у Гродне ў артылерыйскай частцы, расказваў, што напярэдадні правядзення грашовай рэформы ён бачыў, як вялікая колькасць народа ламілася ў гарадскія паштовыя аддзяленні. Пошту каля чыгуначнага вакзала ледзь не бралі штурмам. Людзі адпраўлялі сабе і сваякам паштовыя грашовыя пераводы, наіўна спадзяючыся такім чынам захаваць свае грошы. Такім хітрунам прысвячаўся асобны пункт у дзяржаўнай Пастанове. З 16 снежня ўсе паштовыя грашовыя пераводы аплочваліся ў суадносінах 10:1.
Трэба адзначыць, што чуткі пра абмен грошай шырока распаўсюджваліся яшчэ за некалькі тыдняў да дня “Х”. Аўтары некаторых артыкулаў пішуць: маўляў, як ні хавалі таямніцу… Мяркую, што тут усё наадварот, чуткі распаўсюджвалі адпаведныя органы адмыслова. Ніхто ж не ведаў, як канкрэтна будзе праходзіць рэформа. Таму адныя неслі грошы ў ашчадныя касы, другія здымалі свае зберажэнні і беглі ў крамы. Карацей кажучы, усе былі занятыя.
У крамах за некалькі дзён разышліся амаль усе гандлёвыя “неліквіды”. Мая маці, якая тады жыла ў Юрацішках, расказвала мне, што на калгасных кірмашах у пасёлку людзі раскупілі ў тыя тыдні ўсё да апошняга яблыка ці качана капусты.
Адначасова з абменам грошай у краіне адмяняліся карткі і ўводзіліся новыя цэны. Кошты заставаліся на старым узроўні альбо нават зніжаліся. Але ў ранейшых прапорцыях. Напрыклад, бутэлька гарэлкі да рэформы каштавала 60 рублёў і столькі ж пасля 16 снежня. Аднак наяўных грошай у выніку абмену у вас стала ў дзесяць разоў меней.
І яшчэ адзін момант, які амаль не ўзгадваюць даследчыкі. Прыхільнікі камунізму заяўляюць, што ў выніку грашовай рэформы 1947 года савецкія магазіны запоўніліся таварамі. У Маскве, Ленінградзе і некаторых іншых буйных цэнтрах – так. Але ў невялікіх гарадках, а тым больш у сельскай мясцовасці, па-ранейшаму праблематычна было купіць хлеб і масла, абутак і вопратку.
Невыпадкова ў адзін дзень з Пастановай аб грашовай рэформе з’явіўся дакумент аб нормах продажу харчовых і прамысловых тавараў у адныя рукі. У савецкіх магазінах за адзін заход пакупнік мог набыць хлеба – 2 кг, крупы і макаронаў – 1 кг, малака – 1 л, нітак у шпульках – 1 шт і г. д. Гэтыя нормы існавалі да жніўня 1958 года, затым былі крыху павялічаны і заставаліся аж да 1963 года.
Радавала толькі тое, што зарплаты ў 1947 годзе засталіся на старым узроўні. Напрыклад, настаўнікі і ўрачы зараблялі прыкладна 250-300 рублёў, пачынаючыя рабочыя на прадпрыемстве – 200, перадавікі вытворчасці – да 800, радавыя міліцыянты – 300. Калгаснік за год (!) мог атрымаць максімум 150 рублёў.
А вось якія цэннікі сустракалі ў той час савецкіх грамадзян у крамах. Бохан чорнага хлеба каштаваў 3 рублі, белага – 4 руб. 40 кап., кілаграм цукру – 15 руб., сметанковага масла – 64 руб., літр алею – 30 руб., бутэлька папулярнага піва “Жыгулёўскае” – 7 руб.
І яшчэ адна цікавая падзея адбылася ў снежні 1947 года. Упершыню пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі было афіцыйна дазволена віншаваць адзін аднаго “з новым шчасцем”. Раней чамусьці гэтая фраза цэлых трыццаць гадоў лічылася ідэалагічна шкоднай.
Ілюстрацыі з кнігі Эдуарда Хруцкага “Тени в переулке”