Святлана Куль: “Без Гродна не бачу сябе ані чалавекам, ані паэтам, ані беларускай”
Вы з дзяцінства размаўляеце па-беларуску?
Не, але мова ў хаце была. Бацька беларускамоўную школу сканчаў, бабуля была беларускамоўная. Я пачала размаўляць дзесьці ў 80-я гады. Гэта звязана з асобай Міхася Ткачова, з паходамі, з тым часам, калі я акунулася ў беларускамоўнае асяроддзе. Тады і выкладаць стала па-беларуску. А вось цалкам на мову, каб ані слова па-руску, перайшла ў 1994 годзе.
Якое месца гістарычная адукацыя займае ў вашай творчасці?
Я не толькі па адукацыі гісторык, я па складзе характару гісторык. Шмат маіх калег, хто займаецца навукай, так ці інакш займаецца прыгожым пісьменствам. Немагчыма напісаць па гуманітарных дысцыплінах штосьцы чытэльнае, калі ты не валодаешь словам. У савецкія часы была страчана традыцыя, згодна з якой працы па гісторыіі павінны былі быць чытэльныя. Каб чытанне было займальным. Так пісалі ў ХІХ стагоддзі.
А калі выходзіш на творчасць, то пераносіш свае веды, эпохі, нейкія замілаванні, якія ёсць у гістарычнай навуцы, таксама і на мастацкую творчасць.
На прэзентацыі вашай першай кнігі вы казалі, што людзі абіраюць эпоху якой жывуць. А якой эпохай жывеце вы?
Я рухаюся па эпохах. На пачатку жыцця ў мяне было ХІХ стагоддзе. Мне падабалася эпоха рамантызму. Дакладна я не жыву ХХ стагоддзем, гэта не маё, яго я не люблю. Зараз я забралася ў рэнесанс, бліжэй да готыкі. Гэта можна ўбачыць у маіх вершах. Там больш рэнесансу, сярэдневечча і яшчэ больш даўніх эпох.
Якое месца займае Гродна ў вашым жыцці?
Гродна – гэта маё жыццё. Так нельга казаць: “якое месца займае”. Ён ўсё месца займае! Я сябе не бачу без Гродна ані як чалавека, ані як паэта, ані як беларуску. Гродна – гэта ўсё.
Банальна скажу, але тут ёсць нейкая аўра. Нейкае святое месца, на якім не магла з’явіцца якая-небудзь іншая архітэктура. Такія павінны былі быць вулачкі, так павінен выглядаць Нёман цяпер. Месца самаарганізаванае, якое зараз фармуе асобу, чалавека, пачуцці.
Я шмат дзе жыла, аб’ездзіла палову Еўропы. Настальгія па горадзе дзікая. Ведаю, што не змагу жыць нідзе акрамя Гродна. Былі моманты “да слёз”, не магла выжыць у некаторых гарадах, дзе можна было застацца на ўсё жыццё з навуковымі перспектывамі. Як асоба я магу быць толькі ў Гродне. Колькі я буду жыць, столькі буду Гродна славіць.
Пра што вашыя вершы?
Пра ўсё. Звычайна паэты пішуць пра свае перажыванні, пачуцці. У маёй творчасці гэта на другім плане. У мяне ёсць думкі і ідэі, якія мне падаюцца цікавымі, для іншых арыгінальнымі. Хачу іх агучыць, каб пачыталі людзі. Не так важна, што ў мяне ўнутры, мае пачуцці. Гэта другасная рэч. У кагосці перагукнецца з маімі пачуццямі, а ў кагосці не.
align=”left” alt=”Святлана Куль-Сяльверстава” >
Чаму вы сталі займацца паэзіяй?
Я расказвала пра тое, як пачала пісаць. Мяне падштурхнула смерць сябра. Другі штуршок – злосць на сучасную беларускую паэзію. Не кажу пра ўсё, ёсць выдатнейшая паэзія. Але з другога боку…
Колькі графаманства, колькі слабых вершаў, колькі парушэнняў рытму! Сябры мне падказалі сайт Вершы.ru. Я пачытала, ўзялася за галаву. Таму што людзі вось гэта называюць беларускай паэзіяй. Калі ў нас настолькі гнуткае слова, такая прыгожая мова, пявучая. Можна так працаваць з мовай, з рытмікай, як захочаш!
Была такая злосць! Калі я адчуваю, што магу з гэтым словам хоць на вузел вязаць і гузік прышпіляць. Думаю, напішу я, паспрабую ў розных формах, пакажу, што можна з гэтым словам як хочаш працаваць.
Калі да вас прыходзіць муза?
А яна і не адыходзіць (смяецца). Другая справа, што ў меня іншы раз няма на яе часу. Вось было бы ў мяне зараз дзве гадзінкі, села бы і напісала верш. Але няма часу.
У мяне зараз ёсць класная ідэя, я ведаю чым пачну і скончу, якія вобразы там будуць. Калі ёсць ідэя, адразу ўсё складаецца: якія будуць рыфмы, рытмы, памеры гэтых вершаў. Усё ў галаве ўжо ёсць. Часу няма. Я працую на тры стаўкі ў дзвюх краінах плюс сямейныя справы. Добра, калі ёсць час зранку, тады саджуся і хуценька пішу.
А ноччу пішаце?
Пішу, але мне не падабаецца. Стамляецца галава. Магу нарабіць памылак. Нават граматычных. Мне лепей пішаца раніцай.
Адкуль вы бярэце ідэі для вершаў?
Як Ахматава казала? “Когда б вы знали из какого сора, растут стихи, не ведая стыда…” Па-рознаму. Часам я сабэ раблю ўстаноўку. Іду і думаю, трэба паэму напісаць. Потым дні два перабіраю ідэі. Калі знаходжу, пачынаю як гісторык збіраць інфармацыю, пагляджу ў сеціве, пачытаю кніжкі, каб усё было дакладна, каб не выпадаць з эпохі, з вобраза. І тады толькі пішу.
Хапае вершаў на другую кнігу?
Амаль што. На старонак 150, я думаю, ужо ёсць. Дзве паэмы напісаны. “Мыша” вы чулі. Мы ўжо дамовіліся з выдавецтвам, што ў 2013 годзе выйдзе другая кніга вершаў і манаграфія.
Ці задаволены вы лёсам сваёй першай кнігі вершаў, як яна распрадалася?
А мне гэта не важна. Я сябэ не піару і мне неістотна акупіцца яна альбо не. Калі гэта стрэльба павешана на сваё месца, то ў нейкі момант яна стрэльне. Мой сябра аднойчы сказаў: “Вы штосьці зрабілі для вечнасці, самі ведаеце што”. Я хацела гэта сказаць, я сказала. Каму трэба, той пачуе.
Можа, праз 50 год знойдуць як бібліяграфічную рэдкасць, нейкую зацемку напішуць у якім-небудзь маленькім часопісіку ці на сайце.
Здымкі аўтаркі і Яна Лялевіча