Дзе шукаць “канцы” Шчучынскай мясной гісторыі ?

|

Паляўнічыя нават выклалі ў інтэрнэце даведку, датаваную 11 лістапада 2012 года. І ніхто не пацікавіўся ў эпідэміёлагаў і ветэрынарных урачоў, на якой падставе яны зрабілі выснову, што здабытае мяса дзіка не было прайшло ветэрынарна-санітарны кантроль.

 

Па словах ўрача-эпідэміёлага абласнога ЦГЭОЗ Алы Хутко, гэтую гісторыю трэба разглядаць з моманту, калі чалавек вырашыў заняцца паляваннем.

 

Ала Хутко:

Хто стаў удзельнікам гэтай гісторыі? Паляўнічыя. Каб стаць паляўнічым у Беларусі, трэба набыць зброю, атрымаць на яе дазвол, здаць экзамен на атрыманне дзяржаўнага пасведчання, заплаціць дзяржпошліну.

На паляванне жа ідзе не просты чалавек з вуліцы. Таму мяркуецца, што паляўнічыя павінны быць пісьменнымі людзьмі.

 

Правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання рэгламентуюцца Указам прэзідэнта.

Таксама ёсць Пастанова Савета Міністраў аб парадку правядзення абавязковага ветэрынарнага кантролю прадукцыі палявання, з якой павінен быць азнаёмлены кожны добрасумленны паляўнічы. У гэтых асноўных дакументах закранаюцца моманты здачы на экспертызу і правядзення ветэрынарных аналізаў мяса дзікіх жывёл.

 

Ала Хутко:

“Мы – абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Да нас сцякаецца ўся інфармацыя з раённых цэнтраў. Абласны цэнтр атрымаў інфармацыю пра ўспышку трыхінелёза ад супрацоўнікаў у Шчучыне.

Паводле  атрыманых дадзеных было відаць, што адлоў дзікіх жывёл у Шчучынскім раёне дадзенымі паляўнічымі праводзіўся неаднаразова. Даведка, выкладзеная ў інтэрнэце за 11 лістапада, кажа толькі аб аналізе на адну тушу дзіка.

 

Аднак дадзеная група паляўнічых займалася адловам жывёл неаднаразова: і ў лістападзе, і ў снежні. Чаму я кажу пра два каляндарныя месяцы? Таму, што ў эпідэміялогіі трыхінелёза інкубацыйны перыяд паўтары месяцы, і ўсе медыцынскія мерапрыемствы праводзяцца зыходзячы з гэтага часовага прамежку.

 

У дадзеным выпадку ўжо ніхто не можа сказаць, ад якой тушы была ўзятая проба, бо асабіста спецыялісты цэнтра не ўдзельнічаюць у ветэрынарных эпідэміялагічных расследаваннях”.

  

Каб атрымаць “выхад” на дзіка, у Гарадзенскім раёне трэба заплаціць каля 50 тысяч рублёў. Паляўнічы атрымлівае паляўнічую пуцёўку або разавы дазвол на здабычу жывёлы. У выпадку здабычы трэба аплаціць “ліцэнзію на здабычу” у памеры ад 300 да 1500 тысяч рублёў у залежнасці ад велічыні тушы.

 

У выпадку незаконнага палявання і выяўлення кантралюючымі органамі туш, якія не зарэгістраваныя ў пуцёўках, паляўнічыя могуць прыцягвацца да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

 

Ала Хутко:

Добрасумленны егер або паляўнічы па даверанасці павінен адвезці ўзоры мяса на ветсанэкспертызу. Гэтая туша павінна быць зарэгістраваная ў пуцёўцы, за якую трэба плаціць немалыя грошы.

Што зараз атрымліваецца? Ніхто не скажа, якое мяса было праверана і з якой тушы. Можа гэта зараз зробяць праваахоўныя і лесакантралюючыя органы, знойдуць “канцы” ў гэтай гісторыі?

 

Прычына заражэння трыхінелезам – ужыванне заражанага мяса ў ежу. Выявіць заражэнне можа толькі ветсанэкспертыза ў ветэрынарнай лабараторыі. Цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя не акрэдытаваныя на гэты від даследаванняў і, паводле заканадаўства, падобных аналізаў не праводзяць.

 

Праверка мяса на трыхінелез праводзіцца ветэрынарамі двума спосабамі: метадам кампрэсійнай трыхінеласкапіі і метадам штучнага пераварвання цягліц у страўнікавым соку.

 

На месцах выкарыстоўваецца першы базавы спосаб – мікраскапічны. Калі пробы паказваюць станоўчы вынік, мяса адпраўляецца ў абласную лабараторыю для праходжання дадатковага аналізу метадам штучнага пераварвання.

 

Мяса дзіка было перададзена на экспертызу ў Шчучынскую лабараторыю ветсанэкспертыз. Быў праведзены кампрэсійны аналіз, які, паводле даведкі, не паказаў наяўнасці заражэння трыхінелезам.

 

Як распавядае дырэктар Гродзенскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Аляксандр Фёдаравіч Захар’яшчаў, пасля таго, як стала вядома пра захворванне людзей, гэтую пробу прывезлі ў гродзенскую лабараторыю для дэталёвага аналізу:


“Мы зрабілі паўторны аналіз гэтых пробаў пераварваннем у штучным страўнікавым соку. І таксама як і Шчучынская лабараторыя нічога не знайшлі.

 

Не выявіць лічынкі пры такім аналізе практычна немагчыма, бо для кампрэсійнага аналізу мяса дзікіх жывёл згодна з ветэрынарна-санітарнымі правіламі па барацьбе з трыхінелезам жывёл неабходна 96 пробаў: 24 зрэзы мышачнай тканіны для 4 кампрэсараў.

 

Пры метадзе штучнага пераварвання пробы мяса апускаюцца ў штучны страўнікавы сок на пэўны час. Яно пераварваецца там і, калі ў ім ёсць лічынкі, яны вызваляюцца з мяса.

 

Ужо пазней, калі ў Шчучыне сталі браць ўзялі на аналіз мяса дзіка, якое засталося ў людзей, што заразіліся, у ім выявілі прысутнасць інфекцыі. Цяпер усе пробы канфіскаваныя следчымі органамі і накіраваныя ў Мінск на генетычную экспертызу. Ужо там вызначаць відавую прыналежнасць мяса, ці з аднаго кавалка былі ўзятыя пробы, ад розных жывёл або ад адной”.

 

Туша заражанай трыхінелезам упаляванай жывёлы падлягае абясшкоджванню. Паляўнічыя пасля правядзення экспертызы абавязаны цалкам вярнуць яе. Утылізацыя або знішчэнне тушы робіцца на спецыяльных утылізацыйных заводах і ўстаноўках з наступным пахаваннем.

 

Гродзенскі абласны і Шчучынскі раённы цэнтры будуць разбірацца да апошняга.

 

Эпідэміёлагі і ветэрынарныя ўрачы вельмі сур’ёзна ставяцца да сваёй працы. Ні адзін ўрач не правядзе аналізы абы як, бо мы ведаем, што за гэтым мясам стаяць людзі, магчымая такая вось сітуацыя, калі захварэць могуць дзесяткі людзей,  кажа спадарыня Ала– Цэнтры эпідэміялогіі пастаянна інфармуюць насельніцтва і займаюцца прафілактыкай, ветэрынарныя лабараторыі праводзяць аналізы.

 

Колькі інфармацыі ў СМІ па гэтай тэме, колькі відэа, колькі семінараў з паляўнічымі і арандатарамі паляўнічых угоддзяў праведзена! Колькі інфармацыі пра тое, каб людзі не куплялі мяса з рук або прывозілі мяса на экспертызу?! Мы не можам сядзець і нічога не рабіць. Увесь час мы званім ва ўсе званы, каб прадухіліць такія вось выпадкі ў будучыні”.

 

Даведка

У 2012 годзе ў Гродзенскай вобласці зарэгістравана 14 выпадкаў заражэння трыхінелезам, з іх 11 – па “Шчучынскай справе”.

У 2011 годзе ў вобласці хворых было 44 чалавека, з іх у Гродна – 6, у Гродзенскім раёне – 9.