Кінафестываль “Cinema Perpetuum Mobile” у Гродне не адбудзецца
Два паказа гродзенскія арганізатары фестываля паспелі правесці ў дзень адкрыцця фестываля 13 студзеня.
Мерапрыемствы ўчарашняга дня адмянілі за некалькі гадзін да пачатку.
На конкурсны паказ, адзінае платнае мерапрыемства фестываля, які павінны быў адбыцца ў кінатэатры “Чырвоная зорка” заўтра, гледачы па ўчарашніх звестках на сайце кінатэатра ўжо паспелі набыць альбо забраніравалі 99 білетаў (больш за 2/3).
Тым, хто прыйдзе на паказ, кінатэатр прапануе паглядзець “Ганну Карэніну”, а нязгодным верне грошы.
Арганізатары “Cinema Perpetuum Mobile” паабяцалі пракаментаваць сітуацыю на наступным тыдні.
Другі штогадовы міжнародны фестываль павінны быў прайсці ў Гродне адначасова з Мінскам, Брэстам, Віцебскам, Гомелем, Лідай, Мазыром, Наваполацкам і Салігорскам.
На закрыццё кінафестываля ў Мінску запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства культуры.
Адзін з арганізатараў фестываля ў мінску Дзяніс Шэка:
– У нас “Cinema Perpetuum Mobile” выклікаў вялікую цікаўнасць гледачоў. Паказы мы ладзім у кінатэатры “Цэнтральны” ў цэнтры горада, вясіць вялікая расцяжка. На выходных былі аншлагі.
Фестываль праходзіць ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і малых гарадах, у Лідзе, і нідзе няма ніякіх праблем.
Міжнародная праграма паказваецца на экранах у 16 краінах свету.
На мой погляд, тое, што адбываецца ў Гродне няправільна.