Калядоўшчыкі ў праваслаўнай епархіі: каза не прайшла цэнзуру
Каляды святкуюцца адначасова з Божым Нараджэннем, але маюць паганскае паходжанне. “Нічога дзіўнага я тут не бачу, – адказвае Вольга Кароткая, валанцёр дабрачыннага таварыства і вядучая вечара, на пытанне аб запрашэнні калядоўшчыкаў у праваслаўную царкву. – Я сама на 7 студзеня з валанцёрамі пайшла калядаваць”.
Спадарыня Вольга тлумачыць, што калядоўшчыкі спяваюць песні для праслаўлення Бога, каб падзяліцца з іншымі радасцю Божага Нараджэння. Калядкі спяваюць і ў час літургіі. Па меркаванні Вольгі Міхайлаўны, Раство страціць шмат прыгожых момантаў, радасці і цеплыні без Каляды.
Калядоўшчыкі за спевы, танцы, забавы вучонага Мішкі ды з дапамогай розных прашэнняў атрымалі салодкі пачастунак. Неад’емнага каляднага персанажа – Казу, паганскага бога ўрадлівасці – арганізатары свята вырашылі не ўключаць у праграму па прычыне выразнага нехрысціянскага паходжання гэтага героя.
Астатнія ролі – Габрэй-Зорканош, Цыган-Механош з Цыганкай, Беларусачка, Украінка ды вучоны Мядзведзь прайшлі цэнзуру на выступ. Гледачы спявалі разам з артыстамі, шчыра смяяліся з нумароў Мішкі. У канцы дзеці разам з Калядой павадзілі карагод. Калядоўшчыкі не толькі атрымалі слодычы, але і пакінулі падарунак для дабрачыннага таварыства – ўласнаручна зробленага анёлка.
У канцэрце прымалі ўдзел хор праваслаўных святароў (на здымку), саліст абласной філармоніі Уладзімір Захараў, навучэнцы музычнай школы, студэнты музычнага каледжа і купалаўскага ўніверсітэта, выхаванцы нядзельнай школы, Зімушка-Зіма і Мароз Іванавіч. Дзеці з асаблівасцямі ў развіцці чыталі са сцэны вершы, спявалі і танчылі.
align=”left” alt=”протаіерэй Рыгор Бяляцкі” >Уступнае слова сказаў протаіерэй Рыгор Бяляцкі, кіраўнік аддзела царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльнага служэння Гарадзенскай епархіі. “Усіх тут прысутных аб’ядноўвае адзін цудоўны дар Божы, – распачаў айцец Рыгор. – Гэты дар называецца жыццё”. Святар прапанаваў жыць па прыкладзе Хрыста – у пакоры і дабрыні сэрца. Протаіерэй лічыць, што жыццё Божага Сына – гэта добры прыклад, каб у любой жыццёвай сітуацыі працягваць тварыць і абагачаць сваё сэрца.
На Вечар Божага Нараджэння сабралася каля пяцідзесяці дзяцей і дарослых – гадаванцаў Васілішкаўскага дому-інтэрната і аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Гарадзенскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Гэта другая сустрэча для людзей з асаблівасцямі ў развіцці, праведзеная па ініцыятыве Гарадзенскага дабрачыннага таварыства. Першая ладзілася ў Дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Вольга Кароткая тлумачыць, што валанцёры імкнуцца падтрымліваць кантакт з такімі людзьмі. “Калі ты ад душы гэта робіш, гэта бачна, а не калі гэта аднаразовыя нейкія мерапрыемствы”, – лічыць ініцыятарка святкавання.
Фота аўтаркі