ФК “Нёман” можа страціць нават палову леташняга складу

|

Пачнем з самага галоўнага. Адразу пасля Новага года з камандай падпісалі новыя кантракты Павел Рыбак і Андрэй Лясюк. Зусім нядаўна было падоўжана пагадненне з Дзмітрыем Раўнейкам. Кантракты Кавалёнка і Крывабока пад пытаннем. Што тычыцца астатніх лідэраў каманды, то тут адныя пытанні.

 

Зусім нядаўна шэрагі гарадзенскай каманды пакінуў адзін з лідэраў “Нёмана” – Аляксей Сучкоў. Новы кантракт з ім падпісала каманда “Тарпеда-БелАЗ” з Жодзіна.

 

“Апынуўся ў Жодзіна таму, што ў першую чаргу не змаглі дамовіцца са старшынёй праўлення “Нёмана”. Былі складанасці ў фінансавых пытаннях, а можа быць дзесьці не сышліся характарамі.

 

Калі хтосьці думае, што я паехаў у Жодзіна зарабляць нейкія велізарныя грошы, то гэта зусім не так. Мой кантракт заключаны на адзін год”, – сказаў Сучкоў у інтэрв’ю для Goals.by. У сезоне 2012 года Аляксей адзначыўся двума галявымі перадачамі.

 

Не ясныя справы з нашым капітанам Іванам Дзенісевічам, яму прапанавала кантракт азербайджанская каманда “Хазар-Лянкяран”, якая па выніках мінулага года заняла шостае месца ў мясцовай лізе. Узровень футболу там ніжэй чым у нас, але пагоня за грашыма можа адыграць вялікую ролю.

 

Гэтак жа не вырашана пытанне з Іванам Пехам (пакуль футбаліст знаходзіцца на радзіме ў Славакіі). Па чутках, да футбаліста праяўляе цікавасць ФК “Гомель”. Але гэта ўсяго толькі чуткі. Па словах Івана, ён з радасцю б вярнуўся. Зноў жа, праблемы з кіраўніцтвам клуба.

 

Ігар Ясінскі, Іван Дзенісевіч, Іван Пеха

 

Цікавасць да паўабаронцы гарадзенскага “Нёмана” Паўла Савіцкага праяўляе шэраг клубаў нямецкай бундэслігі, паведамляе Footballtop.ru. З іх ліку называецца “Майнц-05”.

 

Ігар Ясінскі пакуль знаходзіцца ў Мінску. “Я пакуль лячуся, са мной канкрэтна ніхто не размаўляў”, – кажа ён.

 

На праглядзе ў гарадзенскім “Нёмане” знаходзяцца:

Дзмітрый Алісейка (Дынама Мн)
Вадзім Еўлаш (Дынама Мн)
Ігар Хомляк (Граніт Д2)
Арцём Рахманаў (Мінск)
Адам Васілюк (Бяла-Падляска, Польшча, Д4)
Іван Садоўнічы (Віцебск Д2), гродзенскі гулец, у свой час выступаў за ФК “Белкард”
Арцём Скітаў (Віцебск Д2)

 

Фінансавае пытанне ў клубе застаецца галоўным. З-за гэтых праблем можам страціць палову леташняга складу! А каманда была сімпатычная, у гэтым годзе магла пазмагацца за кубкі…

 

З іншых навін клуба. 18 студзеня ў Санкт-Пецярбурзе на міжнародным турніры “Кубак Садружнасці-2013” у складзе моладзевай зборнай Беларусі прымуць удзел футбалісты гарадзенскага “Нёмана” Аляксандр Анюкевiч, Аляксей Легчылiн, Артур Бомбель і Павел Савіцкі. У складзе моладзевай зборнай Казахстана выступіць футбаліст гарадзенскага “Нёмана” Цімур Калiжанаў.

Першы збор “Нёмана” плануецца ў Польшчы ў першых чыслах лютага.

 

Здымкі аўтара і fcneman.by