In memoriam. Юры Гумянюк

|

Шмат было цікавых размоў ва ўтульным раманаўскім пакойчыку па вуліцы Льва Талстога. Тэмы закраналіся самыя розныя, аднак найбольш, канешне, гаварылі пра літаратуру ўвогуле і паэзію ў прыватнасці. Юра з захапленнем чытаў свае новыя вершы, празаічныя творы і крытычныя артыкулы. Сюды ён прыносіў свежыя нумары часопіса “Калосьсе”, у выданне якога было ўкладзена шмат яго сіл.

 

Аказалася, што нашыя жыццёвыя шляхі ў чымсьці падобныя. Мы абодва вучыліся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, мелі пэўнае дачыненне да абласнога радыё. З партатыўным магнітофанам у руках я час ад часу бачыў яго на гарадзенскіх вуліцах, дзе Юра запісваў свае рэпартажы.

 

Аднойчы мы перасякліся ў знакамітым гарадзенскім “Куфэрку”, пілі каву і размаўлялі. Затым Юра дастаў сваю паэтычную кніжку “Вуліца тыгровых архідэяў”, выдадзеную ў Беластоку, і падпісаў яе мне: “Шаноўнаму Юру Камягіну ад аўтара з нагоды сустрэчы ў “Куфэрку” ахвярую свой the best of”. Гэта быў яго своеасаблівы стыль – жартоўны і запамінальны.

 

Наўгад адкрываю гэты зборнік, і ў вочы кідаюцца наступныя радкі:


Разьлятаецца крык па-над горадам шэрым

Патанае ў жоўці начных ліхтароў.

Сам не чуеш уласных журботных замоў

І не хочаш у словы памерлыя верыць.