Абласны суд разгледзіць скаргу гродзенскіх праваабаронцаў

|

Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч  разлічваюць на станоўчае вырашэнне сваёй справы і пасля разгляду збіраюцца падаваць скаргу ў Вярхоўны суд.

 

Салідарнасць з пакаранымі гродзенцамі выказалі іншыя правабаронцы.

 

Так, пасля абсурднага судовага рашэння гродзенскага суда, гомельцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны звярнуліся ў міліцыю з просьбай прыцягнуць і іх да адміністратыўнай адказнасці за фотаздымкі, зробленыя на знак салідарнасці з Алесем Бяляцкім і таксама размешчаныя ў інтэрнэце.

 

Мэтай гомельцаў было прыцягнуць увагу грамадскасці да сітуацыі, і гэта ў іх атрымалася.

 

У адказе за подпісам начальніка РАУС Г.Хмарыка гаворыцца:

 «Па вашай заяве была праведзена праверка, згодна з якой было вынесена пастанова аб спыненні адміністрацыйнага працэсу. Выявіць асобу, якая пашкодзіла колы, не ўяўлялася магчымым. Дадзеную пастанову вы можаце абскардзіць у судзе».

Аказалася, Леанід Судаленка 9 гадоў таму звяртаўся ў міліцыю пасля таго, як невядомыя пашкодзілі колы ў яго аўтамабілі. Анатоль Паплаўны таксама атрымаў аналагічны адказ.

   

Актывістам Яўгену Парчынскаму і Сяргею Малашонку з Наваполацку пашанцавала меньш.

Супраць іх інцыяваная адміністрацыйная справа за несанкцыянаваную акцыю. Доказам правапарушэння для мясцовай міліцыі, як і ў Гродне, сталі фотаздымкі, размешчаныя ў інтэрнэце.

 

Судовы разгляд справы павінны адбыцца сёння.

 

Яўгену Парчынскаму пра гэта паведамілі ў міліцыі, куды ён быў выкліканы па тэлефоне. Сяргей Малашонак сёння раніцай затрыманы да суда.

Абодвух папярэдне дапыталі наконт здымкаў з партрэтам Бяляцкага.