Турызму на Гарадзеншчыне не хапае сродкаў і папулярызацыі

| Без катэгорыі

Як распавядае старшыня турыстычнага клуба “Крокі” Таццяна Суліма, акрамя недахопу абсталявання і фінансавых праблем ёсць пытанні і папулярызацыі турызму ў масах.

 

“Згасанне папулярнасці адбылося таму, што першапачаткова быў няправільна пабудаваны ланцуг. Спачатку павінна ісці спартыўная школа, потым універсітэт, потым гарадскія, раённыя, абласныя, рэспубліканскія і міжнародныя мерапрыемствы. А ў нас наадварот. Планы спускаюцца зверху і спыняюцца на раённым ці абласным узроўні.


Да горада нават чарга не даходзіць. І як пры такіх умовах атрымаць пакаленне чэмпіёнаў, калі іх трэба гадаваць са школьнага ўзросту”.

 

На базе клуба з 2010 года арганізаваны клуб экстрэмальнага каякінгу “Каяк”, у якім трэніруюцца больш за 40 чалавек. У гэтым годзе ў Гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі пачне дзейнічаць дзіцячая секцыя каякінгу.

 

Таксама плануецца рэалізаваць праект міністэрства аховы здароўя “Дарогамі верасу”, згодна з якім плануюцца паходы выходнага дня для 1500 гарадзенцаў.

 

З гэтага года турыстычныя клубы горада пачнуць весці працу са студэнтамі факультэтаў фізічнай культуры, турызму і сэрвісу Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы для атрымання апошнімі практычнага вопыту ў правядзенні паходаў.

 

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама Ганны Шегідзевіч, да сакавіка ў планах гарадскіх уладаў запусціць турыстычны сайт.

 

Ужо распрацаваны рубрыкі, у якіх можна будзе даведацца пра гісторыю Гродна, славутыя мясціны, месца размяшчэння для турыстаў, аб турыстычных базах і аб паслугах, якія прапануюць турыстычныя фірмы горада.


На жаль, он-лайн браніраванне нумароў у гасцініцах пакуль толькі на ўзроўні ідэі. Магчыма, на сайце будзе размяшчаны пералік атэставаных гродзенскіх экскурсаводаў”.

 

З турыстычнага сайта можна будзе перайсці на мапу горада, дзе будуць размешчаны ўсе турыстычныя аб’екты. Спачатку ўсё будзе працаваць на рускай, а ў будучыні на ангельскай і польскай мовах.

 

Таксама ў межах сустрэчы гродзенскага актыву турыстаў старшыня абласной маршрутна-кваліфікацыйнай камісіі па турызме Аляксандр Пятроў (на здымку ніжэй сядзіць) прэзентаваў сваю новую кнігу “Іскры далекіх вогнішчаў”, дзе сабраны апавяданні, заснаваныя на рэальных фактах. У некаторых апавяданнях аўтар распавёў пра свае дзяцінства ў Гродне ў пасляваенныя гады.

 

На праведзеным мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі гарвыканкаму, гарадскіх турыстычных клубаў прадпрыемстваў і прыватных фірм, міжнароднай кваліфікацыйнай камісіі па турызме і рэспубліканскага турыстычнага клуба.

 

Фота аўтара