У Гродне можа з’явіцца жаночы бізнес-інкубатар
Як кажа дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Аляксандр Панамароў (на здымку), Гродзенскім аблвыканкамам прынята рашэнне накіроўваць сродкі ў першую чаргу на закупку і рамонт абсталявання, на будаўніцтва, куплю і рэканструкцыю будынкаў і памяшканняў.
“Рашэннем аблвыканкама на нашу арганізацыю ўскладзена задача па падборы праектаў, падрыхтоўцы дакументаў і прадстаўленню іх у аблвыканкам.
Указ Прэзідэнта Беларусі №255 з 2009 года дакладна вызначае правілы гульні: гэта павінны быць праекты беларускіх прадпрыемстваў, у якіх працуе да 100 чалавек. Гэта павінен быць бізнес, што дзейнічае не менш за паўгода. Бо прадпрыемству, якое толькі што адкрылася, бюджэтныя грошы даваць рызыкоўна”.
Дзяржаўная фінансавая падтрымка прадастаўляецца суб’ектам малога бізнесу на конкурснай аснове тэрмінам да 5 гадоў.
Каму і як акажуць падтрымку?
Па ўмовах прадастаўлення льготнага фінансавання прадпрыемства не павінна быць стратным. На момант прадастаўлення інвестыцыйнага праекта 50% сродкаў у прадпрымальніка павінны быць ўласнымі.
Беларусбанк у асобе дзяржавы выдае льготны крэдыт з выплатай стаўкі за карыстанне грашовымі сродкамі памерам 17% гадавых. Сёння гэта 0,5 стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі плюс 2 адсоткі маржы банка.
“Каб праект трапіў да нас на разгляд, сам прадпрымальнік мусіць вызначыць, чаго ён хоча. Напісаць заяву і падаць неабходны пакет дакументаў, які пазначаны ў нас на сайце. Аднак тут неабходнай умовай з’яўляецца хадайніцтва мясцовага выканкама аб тым, што гэты праект патрэбен рэгіёну.
Аднак пад праграму падтрымкі не трапляе адкрыццё сэканд-хэнд і сэкс-шопаў. Калі хочаш – адчыняй за свае грошы, а вось рэстаран, кафэ, гасцініцу, стаматалогію, цырульню, лазню – калі ласка.
Толькі пры ўмове, што гэта не будзе адно прадпрыемства на адным. Хоць кожны прадпрымальнік, калі бярэ грошы, сам думае і лічыць”.
Гродзенская ўстанова фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў разглядае і фінансавыя дакументы інвестыцыйнага праекта. Далей яны трапляюць на разгляд рабочай групы, якая праходзіць па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз у квартал. Калі рабочая група дае станоўчае заключэнне, праект трапляе ў аблвыканкам. Пасля гэтага банк з прадпрымальнікам заключае дагавор аб ільготным фінансаванні.
У арганізацыю па фінансавай падтрымцы малога бізнесу можна звярнуцца за любой бясплатнай кансультацыяй, што датычыцца вядзення і адкрыцця бізнесу. Тут ёсць база прадпрыемстваў, якія прапануюць прадукцыю айчыннай вытворчасці, пералік банкаў, спіс незадзейнічаных участкаў для будаўніцтва.
Таксама можна атрымаць інфармацыю аб невыкарыстоўваемых аб’ектах нерухомасці, размешчаных на тэрыторыі вобласці, якія можна купіць на аўкцыёне за адну базавую велічыню.
Што ўжо прафінансавалі?
Такім спосабам у бязвыплатнае карыстанне на тры гады з правам перадачы ва ўласнасць бізнэсоўцу Эдуарду Лявіцкаму быў прадастаўлены будынак былой вучэбна-трэніровачнай базы для ваенных лётчыкаў у Шчучыне.
З снежня 2010 прадпрымальнік адкрыў імпартазамяшчальны праект па выпуску крэму для абутку, які ў 2012 годзе абслугоўваў Міністэрства абароны Беларусі.
Нядаўна разглядаўся новы праект прадпрыемства “Мірскія ўзоры”. Дзяржава прыняла рашэнне прафінансаваць інвестыцыйны праект, які ўпісваецца ў праграму развіцця турызму Гродзенскай вобласці. Некалькі гадоў таму прадпрыемства заняло пустуючы будынак былой школы ў вёсцы Трощыцы Карэліцкага раёна і наладзіла там вытворчасць сувенірнай прадукцыі з беларускай сімволікай.
Таксама праз дзяржпадтрымку гарадзенскі прадпрымальнік Аляксандр Гардон ператварыў пустуючы будынак па вуліцы Кірава ў Гродне ў кафэ “Ежа”.
Зараз вядзецца праца з гарадзенскім прадпрыемствам “Поліграўнд”, якое спецыялізуецца на выпуску спартыўнага абсталявання. Уладальнік фірмы хоча пашырацца і закупляць новае абсталяванне. Прадпрыемства прадаставіла праект, які ў бліжэйшы час атрымае фінансаванне.
Таксама Праграма прадугледжвае прыняцце аблвыканкамамі мер па ўмацаванні статусу жаночага прадпрымальніцтва. Мяркуецца, што ў бліжэйшай будучыні ў кожным абласным цэнтры адкрыюцца інкубатары малога прадпрымальніцтва для жанчын-прадпрымальніц.
“Мы толькі плануем пачаць працу з жанчынамі. Бо ў бізнэс у апошні час іх прыходзіць вялікая колькасць. Ужо распрацавалі праграму. Вядома, хацелася б гэта рабіць бясплатна ў рамках дзяржаўнай праграмы. Але пакуль казаць рана, як гэта будзе працаваць”.
Падтрымка стартап-руху
На павышэнне фінансавай пісьменнасці і стварэнне новых працоўных месцаў у 2013 годзе Гродзенская вобласць атрымала 40 мільёнаў рублёў. На падтрымку startup-руху, падрыхтоўку і распаўсюд паліграфічнай і электроннай прадукцыі ў рэгіёне на 2013 год выдзелена па 10 мільёнаў рублёў.
“У мінулым годзе ў Гродне прайшлі два інвест-уікэнды. Мы павінны аказваць дапамогу моладзі ў правільнай ацэнцы сітуацыі. На такіх мерапрыемствах у асноўным праекты прадстаўляюць выпускнікі эканамічнага факультэта. Калі іх як кацянят кінуць у вядро – патонуць жа. Важна, каб у іх была апора для пачатку”.
У гэтым годзе таксама запланавана правядзенне двух інвест-уікэндаў – у красавіку і лістападзе.
Міжнародныя кантакты
Гродзенская абласная ўстанова фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў у гэтым годзе прыме ўдзел і ў кааперацыйных біржах. У мінулым годзе, у час другога інвест-уікэнда, кааперацыйная біржа праходзіла ў Гродне. На ёй пабывалі прадстаўнікі бізнесу Украіны і Польшчы.
Зараз беларускія прадпрымальнікі нанясуць сустрэчныя візіты: у сакавіку ў Львоў, у чэрвені ў Прушкуў.
Па словах спадара Аляксандра, яго арганізацыя ў лютым заключыць дамову з Агенцыяй Рэгіянальнага Развіцця Жэшува (Польшча) аб міжнародным супрацоўніцтве. Гэтая польская арганізацыя падтрымлівае ў Падкарпацкім ваяводстве ініцыятывы малога і сярэдняга бізнесу, прыцягвае замежныя інвестыцыі, інавацыі ў інфраструктуру рэгіёна. Таксама гарадзенскае прадпрыемства супрацоўнічае з Беластоцкім клубам бізнесу.
На пачатак 2013 года ў Гродзенскай вобласці існуе каля 7 500 малых прадпрыемстваў і 29 000 індывідуальных прадпрымальнікаў. Зараз у вобласці дзейнічаюць сем цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і адзін бізнес-інкубатар у Лідзе. | ||