У Гродне пачаўся продаж квіткоў на матч “БАТЭ” – “Фенербахчэ”

| Без катэгорыі

Чарга пачала ўтварацца з 11-ці гадзін.

 

Уладальнік першага квітка распавёў “Твайму стылю”, што быў на месцы ўжо ў 3 гадзіны ночы.

 

Мужчына атрымаў апладысменты чаргі і сышоў задаволены.

 

Продаж квіткоў павінны былі пачаць з 15.00, але пачалі са спазненнем у 20 хвілін.

На гэтым праблемы не скончыліся: у адной касе зламаўся кампутар, продаж прыпыніўся.

 

Незадаволеныя і змерзлыя людзі нерваваліся і лаяліся.

 

“На двары не май месяц!” – даносіліся крыкі. Паводле афіцыйных звестак, квіткі павінны былі прадавацца па два ў адны рукі. Але людзі без перашкодаў набывалі па 4-6 квіткоў.

 

Заняўшы чаргу з 11-ці гадзін, у 16.30 я ўзяў квіток і пайшоў грэцца дадому, а чарга была яшчэ даўжэзная.

Шмат хто падумваў, як бы сысці і пагрэцца. Адзін мужчына замовіў сабе па тэлефоне бутэлечку каньяку.


Яўген прастаяў за квіткамі на марозе больш за пяць гадзін:

– Прыйшоў каля 11-ці, ужо збіраўся народ (чалавек 20 было), некаторыя стаялі даўно. Было вельмі халодна, людзі прыходзілі з гарбатай у тэрмасах. Я хадзіў у лядовы палац за гарачай кавай, рабілася цяплей, але не надоўга. Бліжэй да адкрыцця кас прыехаў АМАП і ўсталяваў турнікеты, каб людзі не таўпіліся.
 

Як табе арганізацыя?

– Касы працавалі неяк незразумела: адкрываліся на пяць хвілін і зачыняліся, працавалі па чарзе, усе абураліся. Чарга рухалася вельмі павольна, квіткі прадавалі па 8, па 10 штук у адны рукі.

 

У 17 гадзін умяшаўся АМАП і затым прадавалі па два квіткі на чалавека. Зрэшты арганізацыя была жахлівая, касіры былі непрыязныя.

 

Дзе такое бачна, каб для дзевяцітысячнага (трохзоркавага) стадыёна для арганізацыі матчу Лігі Еўропы прадаваліся квіткі ўсяго ў дзвюх касах і тое з праблемамі. Арганізацыі ніякай. Даведаецца камітэт УЕФА – аштрафуе адміністрацыю стадыёна.

Паглядзім што будзе ў часе самога матчу…

 

 

Здымкі аўтара, Леаніда Шчаглова (здымак уладальніка першага квітка) і Яна Лялевіча (апошні здымак)