Коні, людзі, гарэлка і НКУС

|

Вось некаторыя падзеі таго часу на Гарадзеншчыне вачыма супрацоўнікаў НКУС:

 

Данясенне аб здарэнні


Узвод пад камандаваннем лейтэнанта Жалезнага выконваў аператыўнае заданне па забеспячэнні хлебапаставак у Морынскім сельсавеце Іўеўскага раёна. Для арганізацыі чырвонага абоза 24 жніўня 1945 г. у вёску Крывічы была накіравана група яфрэйтара Фёдара Быкава.


Па паказаннях мясцовых жыхароў, вельмі хутка пасля прыбыцця ў вёску яфрэйтар Быкаў з чырвонаармейцам Грушэўскім ужо хадзілі па вуліцах у моцна нецвярозым стане. У ноч на 25 жніўня на в. Крывічы зрабіла напад банда колькасцю да 10 чалавек у форме польскіх жаўнераў, якая абрабавала мясцовых жыхароў, забіла яфрэйтара Быкава і адышла. Па дадзеных НКУС, банда ўзначальвае СТРУМЕ”

 

А вось яшчэ адна гісторыя, таксама звязаная з алкагольнымі напоямі. На гэты раз месца дзеяння – Ашмяны:


“26 снежня 1944 г. кінамеханік сяржант Багатаў апоўдні зайшоў да мясцовага гадзіннікавага майстра Бялая, маючы з сабой 1 літр самагона, які і быў распіты.


Знаходзячыся ў нецвярозым стане, выходзячы з кватэры, Багатаў упаў і зламаў руку. Пасля таго Багатаў накіраваўся ў медсанроту і стаў патрабаваць, каб яму там аказалі тэрміновую дапамогу.


Беспадстаўна прычапіўся да медсястры Паляковай, брыдкасловячы ў яе адрас. У гэты момант у памяшканне зайшоў начальнік медсанроты. Багатаў накінуўся на яго, выхапіў трафейны браўнінг, аднак зрабіць стрэл не здолеў, упаўшы на падлогу”.

 

 

Нешта падобнае адбылося ў вёсцы Вішнева Смаргонскага раёна 12 кастрычніка 1944 г. Толькі тут малодшы сяржант Рыбалка разам з мясцовым млынарам пакацілі ўжо паўтара літра мясцовага напою.

 

Пасля вечарыны таварыш Рыбалка вяртаўся ў родную частку і раптам зайшоў у адну з вясковых хат. Убачыўшы гаспадыню, 80-гадовую бабулю, пачаў патрабаваць ад яе сказаць, дзе знаходзіцца яе “сын-бандыт”, хаця, як адзначаецца ў дакуменце, ніякага сына ў пажылой жанчыны ўвогуле не было. Не дабіўшыся станоўчага для сябе адказу, малодшы сяржант пабіў увесь няхітры посуд, які знаходзіўся ў хаце, два разы піхнуў разгубленую бабулю і пайшоў прэч.

 

Цікава, што ў той жа самай вёсцы Вішнева крыху раней, 30 верасня 1944 г., адбыўся трагічны інцыдэнт, таксама звязаны з п’янкай. Група байцоў унутраных войск прыехала, каб прачасаць лясны масіў, аднак па дарозе вырашыла крыху адпачыць.

 

Салдаты зайшлі ў адзін з дамоў на ўскраіне вёскі, дзе ім арганізавалі пачастунак. Выпілі, душэўна пасядзелі, як раптам малодшы сяржант Гардзіенка вырашыў арыштаваць гаспадара дома. Здзіўлены яфрэйтар Бойка хацеў уладзіць канфлікт. Аднак Гардзіенка дзейнічаў імгненна і рашуча. Ён выхапіў пісталет і застрэліў таварыша па зброі.

 

Хопіць пра гарэлку. Давайце пазнаёмімся з гісторыямі, звязанымі з коньмі. З коньмі і, вядома, з НКУС:


“Данясенне


Яфрэйтар Васіль Рабака была (звярніце ўвагу на прозвішча – Ю. К.) 27 верасня 1945 г. асуджаны ваенным трыбуналам 6 стралковай дывізіі ўнутраных войск НКУС тэрмінам на 8 гадоў з адбыццём пакарання ў папраўча-працоўным лагеры за крадзеж каня, які належыў Смаргонскаму райваенкамату Маладзечненскай вобласці”.

 

І яшчэ выпадак з трывожнай хронікі таго часу:


“Згодна з загадам камандавання 262-га стралковага палка ўнутраных войск старшына Грышко 3 верасня 1944 г. перавозіў прадукты і маёмасць на новае месца дыслакацыі ў м. Ашмяны.


Зрабіў тры рэйсы, пераадолеўшы болей 50 км. Коні вельмі стаміліся. Па пясчанай дарозе павозка рухалася з цяжкасцю. Коні спыніліся. Старшына Грышко падышоў да іх бліжэй і замахнуўся.


Раптам конь, які знаходзіўся з правага боку, нанёс моцны ўдар заднімі нагамі ў левы бок Грышко. Пасля гэтага старшына Грышко памёр на месцы”.

 

І што тут дадаць? Хіба толькі тое, што затым коні крыху адпачылі.

 

Ілюстрацыі аўтара і newsby.org