Гарадзеншчыну адзначылі сярод чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці
У намінацыі “Грамадскі лідар года” прэмію падзялілі гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут і галоўны рэдактар часопісу ARCHE Валер Булгакаў. Абодва лаўрэаты на цырымоніі ў Мінску прысутнічаць не маглі: Пачобут знаходзіцца ў Гродне пад падпіскай аб нявыездзе, Булгакаў – за мяжой.
Узнагароду ў катэгорыі “Адмова года” атрымала культурная пляцоўка Арт-сядзіба, якой было адмоўлена ў трох памяшканнях. Прэмію атрымалі стваральнікі Арт-сядзібы: Павел Белавус і беларускі спявак з Гродна Пётр Клюеў (на здымку ніжэй).
У намінацыі “Кампанія года” перамагла Беларуская антыядзерная кампанія, што змагаецца супраць пабудовы АЭС у Астраўцы (на загалоўным здымку – уручэнне прэміі прадстаўнікам кампаніі).
У намінацыі “Рэгіянальная акцыя” адным з намінантаў была акцыя ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы. Акцыя стала вядомай дзякуючы затрыманням і судам над удзельнікамі. Аднак рэгіянальнай падзеяй года было абрана стварэнне структур незалежных прафсаюзаў на мікашэвіцкім прадпрыемстве “Граніт”.
Асамблея НДА – найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў – вызначыла “Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасьці” ўжо ў чацьвёрты раз. Прэміі ад Асамблеі ўручаюцца з 2009 года ў розных намінацыях: грамадскі лідар года, кампанія года, месца года, рэгістрацыя і нерэгістрацыя года, крэатыў года і г.д.
Здымкі аўтара