Многія гарадзенскія дрэвы нараджаюцца пад Скідзелем
У планах прадпрыемства азеляніць дрэвамі і кустамі сквер па вуліцы Курчатава, праспект Кляцкова, завулак Паповіча, вул. Выдавецкую, вул. Вольгі Соламавай, парк імя Жылібера, а таксама завяршыць праект па высадцы дрэў ўздоўж аб’язной дарогі.
Гэтак будзе выглядаць кветкавая кампазіцыя на новым кальцы на вул. Таўлая
Па словах ландшафтнага архітэктара Надзеі Суравец, пароды дрэў і кустоў выбіраюць самі спецыялісты па ландшафтным дызайне пасля выезду на месца ў адпаведнасці з ужо наяўным афармленнем.
“Пасля складання праекта Гродназелянбуд дамаўляецца з Гродзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркай аб пародах дрэў, якія трэба пасадзіць на канкрэтным участку. Далей усё ўзгадняецца з гарадской архітэктурай і з уладальнікамі інжынерных камунікацый. Толькі потым пачынаецца праца”.
Вось такія вазы з’явяцца ў парку Жылібера
Дрэвы, якія садзяцца ў Гродне, прывозяць з гадавальніка ў вёсцы Котра пад Скідзелем. У асноўным гэта бярозы, рабіны, ліпы, клёны і ясені.
Кошт саджанцаў залежыць ад таго, да якой групы дрэў яны належаць: да хуткарослых, павольнарослых або хвойных парод. Таксама немалаважную ролю адыгрываюць і тэхналогія вырошчвання, узрост да продажу і вышыня.
Кошт дрэва ўзростам 6-8 гадоў і вышынёй да двух метраў менш у 2-2,5 разы, чым у дрэў вышынёй больш за 2,5 метра. Напрыклад, 6-8 гадовая звычайная елка будзе каштаваць у дыяпазоне 120-157 тысяч рублёў.
Кветкавыя і кустарнікавыя кампазіцыі спецыялісты Гродназелянбуда створаць з прыгожаквітнеючых (спірэя, лапчатка, язмін) і дэкаратыўна-лісцяных (барбарыс, пузыраплотнікі) раслін.
Гэтая канструкцыя з’явіцца ў цэнтры, але пакуль ніхто не ведае дзе