Гарадзенцаў запрашае Media Studio
Media Studio – навучальны курс, які дазваляе дарослым атрымаць дадатковую адукацыю ў галіне працы з інфармацыяй. Курс разлічаны на актыўных людзей розных прафесій і ўзросту (старэйшых за 16 год), і перш за ўсё тых, хто цікавіцца медыяжурналістыкай.
Навучанне будзе адбывацца па трох накірунках:
– візуалізацыя дадзеных;
– фотажурналістыка;
– здымкі і мантаж відэа.
Курс “Візуалізацыя дадзеных” будзе цікавы ўсім, каму ў сваёй дзейнасці неабходна апрацоўваць вялікі аб’ём інфармацыі. Вы даведаецеся пра сэрвісы, якія дазваляюць ан-лайн візуалізаваць інфармацыю, інструменты, якія дапамагаюць падаваць яе зразумела, як удала выкарыстоўваць інфаграфіку, картаграфічныя сэрвісы і г.д. Пажадана мець ноўт-бук.
Курс “Фотажурналістыка” накіраваны на людзей, якія стварылі ўжо не адну папку здымкаў на сваім кампутары, але хацелі б паглыбіць свае веды і разуменне пра тое, як рабіць якасныя фотарэпартажы і цікавыя фотагісторыі. За час навучання слухачы курса падрыхтуюць уласную фотагісторыю.
На курс “Здымкі і мантаж відэа” мы запрашаем пачаткоўцаў, каб навучыць іх здымаць, апрацоўваць і выстаўляць на сайт уласныя фільмы.
Пажадана мець уласны ноўт-бук і тэхніку, якая здольная здымаць відэа.
Кожны ўдзельнік курса падрыхтуе паўнавартасны відэаматэрыял.
Пры ахвоце і наяўнасці вольнага часу вы можаце вучыцца на некалькіх курсах адначасова.
Першасная адукацыя значэння не мае.
Тэрмін навучання: сакавік-травень 2013 года.
Перыядычнасць: 1 занятак на тыдзень, заняткі адбываюцца ў вечаровы час.
Кошт навучання на адным курсе: 100 тысяч беларускіх рублёў у месяц.
Перавагамі Media Studio з’яўляюцца інавацыйнасць, унікальнасць вучэбнай праграмы і навыкі працы арганізатараў з мультымедыйнымі тэхналогіямі, а таксама арыентацыя на набыццё навучэнцамі практычнага досведу.
Каб прыняць удзел у курсе неабходна да 20 лютага запоўніць АНКЕТУ-ЗАЯЎКУ і даслаць яе на адрас mediastudio.hrodna@gmail.com
Кантакт для даведак: 8-029-7830-845