У спісе пераможцаў USAID 14 турыстычных праектаў з Гродзенскай вобласці
У заключным спісе пераможцаў мяркуецца пакінуць 16 тэрыторый, з якімі праект працягне актыўнае супрацоўніцтва.
Адным з лідараў сярод пераможцаў з Гродзенскай вобласці стала ініцыятыва “Зялёны маршрут “Зэльвенскi дыяруш”. Пры падтрымцы праекта плануецца зрабіць маршрут больш прывабным для турыстаў, што павялічыць паступленне сродкаў у мясцовы бюджэт і прыбытак мясцовых прадпрымальнікаў.
Па словах кіраўніка праекта Марыны Бароўкі, адметнай рысай гарадзенскіх праектаў стала выкарыстанне кар’ераў як аб’ектаў турыстычных дэстынацый.
Ваўкавыская ініцыятыва “Па слядах старажытных шахцёраў” прапанавала выкарыстоўваць кар’еры як назіральныя пляцоўкі для турыстаў.
Таксама ў спіс пераможцаў ад Гродзенскай вобласці трапілі праекты Лідскага, Зэльвенскага, Карэліцкага, Навагрудскага, Свіслацкага, Смаргонскага і Шчучынскага раёнаў.
Пераможцы конкурсу атрымаюць прафесійную падтрымку ў распрацоўцы стратэгій развіцця экалагічна ўстойлівага турызму, вядзенні турыстычнага бізнесу, маркетынгу тэрыторый, прасоўванні турысцкіх паслуг на рынку.
Мяркуецца ўдзел прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу дэстынацый-пераможцаў у навучальных паездках па Беларусі і за мяжу.
“Першыя паездкі будуць тычыцца стратэгічнага планавання. Мы плануем, што ўдзельнікі змогуць наведаць Польшчу, Літву і, можа быць, Нямеччыну, – адзначыла Марына Бароўка. – Там яны змогуць убачыць прыклады лепшага стратэгічнага планавання, вывучыць як стваралася стратэгія і прымяніць вопыт на сваёй тэрыторыі”.
Ужо да канца тыдня плануецца заканчэнне перамоўнага працэсу паміж удзельнікамі, пасля якога будзе вядома, чыя турысцкая дэстынацыя выпадзе са спісу пераможцаў, а хто будзе працягваць працу.
Праект мае намер весці актыўнае супрацоўніцтва і з тымі ўдзельнікамі, якія не сталі пераможцамі. У першую чаргу гэта датычыцца ўдзелу канкурсантаў у адукацыйным кампаненце праекта.
Праект USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуецца ПРААН, накіраваны на павышэнне ролі прыватнага сектара ў эканоміцы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Бюджэт складае 1 965 000 даляраў ЗША. Нацыянальнай выконваючай арганізацыяй праекта з’яўляецца Міністэрства спорту і турызму Беларусі.
Здымак volkovysk.by