Вольга Кароткая: “Колькі жыцця ў Вашым жыцці?”
Арганізавалі выставу Гродзенскае дабрачыннае таварыства, праваслаўны моладзевы часопіс “Пакаленне”, фатографы Ігар Ждановіч, Аляксей Бібікаў, святар-фатограф Георгій Субаткоўскі і сайт sabor.by.
“А колькі жыцця ў вашым жыцці?” – пытае валанцёр дабрачыннага таварыства Вольга Кароткая. – Вось у нашым жыцці столькі жыцця, – усміхаецца яна. – І яно неабыякавае да праблем кожнага чалавека”.
“На першы погляд падаецца, што святар недзе асобна і высока, царква займаецца пытаннямі духоўнымі і дзесьці далёка, а мы – зямныя людзі, маем праблемы, і няма пунктаў сутыкнення”, – каментуе спадарыня Вольга. Таму асноўнай ідэяй выставы, па меркаванні валанцёркі, было паказаць, што “увесь гэты духоўны свет” не стаіць далёка ад праблем простых людзей, паказаць неабыякавасць у гэтым жыцці.
Экспазіцыя пабудавана так, што кожны здымак існуе і самастойна, і ў сувязі: адзін адно дапаўняе і працягвае. Пытанні, якія закранае выстава, з жыцця і духоўнага, і зямнога.
Вольга Кароткая: “Кожны, хто наведвае гэту выставу, павінен задаваць сабе пытанне: “Які я чалавек? Хто побач са мною?” Мне падаецца, што ў нашым жыцці мы бяжым кудысьці і шмат чаго не заўважаем: якія мы розныя, можа мы штосьці згубілі, пакуль беглі, можа кагосьці не заўважылі…”
Дабрачыннасць выставы скіравана на дапамогу рэальным асобам. Ёсць некалькі надпісаных скарбонак, дзе зазначаюцца праблемы канкрэтных людзей. Цяжкахворыя маляняты Сашанька і Пашанька Санюковічы. Малады Аляксей Саўчук, які перасоўваецца на каленях і адной рукой спраўляецца з хатнімі справамі. Хворая Надзюша Пальчынская, чые дрэвы з бісера можна набыць на выставе. Дзіцячы клуб “Нарнія”, аб якім ўжо пісаў “Твой Стыль”…
Спадарыня Вольга Кароткая акрэслівае Гродзенскае дабрачыннае таварыства як мост паміж людзьмі ў патрэбе і тымі, хто мае грошы, каб дапамогу атрымлівалі тыя, каму яна неабходна.
Зрабіць фотавыставу “Жыццё” дапамаглі людзі, якія з’явіліся ў свой час: студыя “Мега” бясплатна надрукавала здымкі, хтосьці спансаваў рамы і стэнды.
У планах дабрачыннага таварыства – сумесная Велікодная выстава малюнкаў дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і здаровых, каб паказаць, што для творчасці няма абмежавання, каб падзяліцца жыццём з іншымі людзьмі.
Здымкі Яна Лялевіча