Ідэальная Гародня Ігара Лапехі

 

Планы па макетаванні гарадзенскіх будынкаў у Ігара з гурткоўцамі “Краязнаўчай школы” вельмі амбітныя, але працэс ідзе доўга.

 

Ідэя стварэння макетаў гарадзенскай гістарычнай забудовы ўзнікла даўно. Шмат часу пайшло на дэталёвае вывучэнне, у якім выглядзе павінен быць той ці іншы будынак у макеце.

 


“Мы імкнемся паказаць усе часавыя напластаванні, зрабіць максімальную экспазіцыю, то бок аднаўляем будынкі не на нейкую адну эпоху, а спрабуем паказаць аб’ект у найбольшым яго росквіце”, – кажа Ігар.

 

Мадэлі робяцца з ПВХ-пластыку, які не трансфармуецца пры перападах вільгаці і значна больш трывалы, чым картон. Маштаб – 1:200 (у 1 сантыметры 2 метры).

 

 

Ігар ставіць на стол практычна скончаны макет комплексу Свята-Раства-Багародзічнага манастыра (на здымку). На яго тэрыторыі можна нават убачыць падмурак Прачысценскай царквы XII ст., быццам бы яе толькі што раскапалі. Ёсць і макет гаспадарчай забудовы, якой сёння ўжо няма. Блішчастых зорак на купале макета, канешне, не ўбачыш. Затое стаіць сучасная трансфарматарная будка.

 

Часавыя напластаванні ў адным комплексе адрозніваюцца колерам дахаў, гэты тычыцца і ўсіх макетаў будынкаў, над якімі працуе Ігар з гурткоўцамі. Дахі чырвонага колеру – быццам цагляная дахоўка – і цёмна-шэрага (гонт) – гэта будынкі, якія пабудавалі да пажару 1885 г., дахі светла-шэрага (бляха) маюць макеты будынкаў, пабудаваных на пачатку ХХ ст., а цёмна-зялёны колер – будынкі, якія ўзніклі за савецкім часам.

 

 

З шафы Ігар дастае Фарны касцёл і Радзівілаўскі палац (на здымках), памаляваныя ў жоўты колер. Краязнаўца тлумачыць:

 

“Бо гэта барока. На нашую думку, калісьці Фарны касцёл быў жоўтым. Палац Радзівілаў таксама пышны, жоўтага колеру. Стыль барока прадугледжвае, што аб’ект павінен выглядаць пышным”.

 

У гурток прыходзіць каля 20 чалавек, у асноўным гэта студэнты-архітэктары палітэхнічнага каледжа і школьнікі. Кожны працуе над макетам нейкага будынка, комплексы робяць па некалькі гурткоўцаў. Вельмі добры выхаваўчы і навучальны момант, кажу Ігару, бо моладзь даведаецца пра гісторыю гарадзенскай архітэктуры.

 

“Гэта ў ідэале, – прызямляе мяне Ігар. – На практыцы вывучаю я, а моладзь прыходзіць і майструе рукамі макеты будынкаў, гэта больш займальна. На жаль, гісторыя і асаблівасці архітэктуры пры гэтым іх цікавяць мала. Яны распытваюць, як зрабіць той ці іншы элемент, а не пра нюансы гісторыі архітэктуры”.

 

Камяніца на Замкавай 12

 

У першую чаргу Ігар з навучэнцамі мае намер зрабіць макеты гарадзенскіх манументальных будынкаў, ці 11 аб’ектаў-дамінантаў горада: манастырскія комплексы – Свята-Раства-Багародзічны, які амаль гатовы, паезуіцкі, пабернардынскі і пабрыгіцкі, Стары і Новы замкі, пажарную каланчу і сінагогу – “хацелася б з кварталам за ёю”, цалкам Рынкавую плошчу – Баторыеўку, Ратушу, Фару Вітаўта.

 

Пасля Дамініканскі касцёл, які папярэдне трэба будзе добра вывучыць, як ён выглядаў, каб паспрабаваць аднавіць. Фара Вітаўта на макеце будзе мець выгляд XVI ст, Стары замак – паводле праекта архітэктара Бачкова.

 

Пытаю ў Ігара, ці можна было б выпусціць камплекты 3D-канструктараў гарадзенскіх будынкаў? У дзіцячых крамах ёсць такія наборы, з якіх робяць макеты Эйфелевай вежы ці Таўэрскага моста. Чаму б не выпусціць аб’ёмны макет Старога замка?

 

“Тэхнічна зрабіць гэта проста, – тлумачыць Ігар. – У Гродне нават ёсць фірма, якая выпускае пластмасавыя дэталькі для будаўніцтва. Але калі запусціць гэта ў серыю, будзе вельмі высокі кошт.

 

Матрыца, з якой штампуюцца дэталькі, вельмі дорага каштуе – некалькі тысяч даляраў. Таму сабекошт кожнага камплекту пластыкавах дэталяў для макета гарадзенскага замка будзе каштаваць вельмі дорага. Або павінен быць вельмі вялікі наклад, каб акупіць”.

 

Чарцёж і макет фасада – самая складаная частка

 

Вяртаюся да макетаў і ўдакладняю:

 

“Гэта, фактычна, ідэальны горад, які захаваў усё сваё найлепшае ў плане архітэктуры?”“Так. Прынамсі, будынкі знаходзяцца ў ідэальным выглядзе, у сваім найвышэйшым росквіце”.

 

Мае фантазіі малююць незвычайна прыгожы горад з цэлымі гістарычнымі забудовамі. І калі страчаныя будынкі ці комплексы і нават кварталы можна пакуль уявіць па малюнках, то расстаўленыя на свае месцы макеты будуць ствараць зусім іншае ўражанне.

 

Мне ўяўляліся ўжо нават чалавечыя фігуркі на вуліцах, дрэвы і што там яшчэ трэба для сапраўднага горада.

 

“А ці будзе ў цябе ўся гістарычная забудова цяперашняй Савецкай вуліцы?”

 

Ігар уздыхае: “Дайце да канца гэтага навучальнага года дарабіць тое, што мы пачалі і задумалі найперш…”



Здымкі аўтаркі