“Цяпер людзям патрэбны антыэкстрым”
Як у 90-е вам прыйшла ідэя напісаць такую кнігу?
Першапачаткова прыйшла ідэя напісаць кнігу для сына. Бо тады на трэніроўкі па спартыўным турызме хадзіла вялікая колькасць школьнікаў, а патрэбнай літаратуры практычна не было.
Да моманту яе стварэння ў мяне ўжо быў 20-гадовы досвед: Карпаты, Алтай, Крым, Карэлія, Каўказ. Таксама ў кнізе адлюстраваны вопыт іншых гарадзенскіх турыстаў, узяты са справаздач і апавяданняў аб паходах.
Сяргей Каляда
Да гэтага ўсе спробы напісаць нешта заканчваліся сумна, таму што ў кнігу патрэбныя былі ілюстрацыі. Патлумачыць мастаку, які не займаўся турызмам, пра што ідзе гаворка ў тэксце, практычна немагчыма. Тады мяне пазнаёмілі з мінскім мастаком Паўлам Драчовым, які і ўзяўся зрабіць ілюстрацыі.
Як на вашу кнігу з’явіўся плагіят?
У 2002 годзе мінскае выдавецтва перадрукавала кнігу без указання складальнікаў, а ў 2011 годзе ў Маскве выйшаў падручнік палкоўніка спецназа ГРУ Сяргея Баленка “Падручнік выжывання Спецназа ГРУ. Вопыт элітных падраздзяленняў” з такімі ж ілюстрацыямі і даслоўным тэкстам.
Кніга Сяргея Каляды (унізе, разгорнутая) і “падробкі”
Аднак у кожнай наступнай кнізе былі даданы дапаўненні: пра парашуты, пра спецыяльны рыштунак, вопратку і абутак.
Некалі Пскоўская дывізія ВДВ закупіла 30 кніжак. Яны правялі на падставе кнігі трэніроўкі па выжыванні і даслалі свае заўвагі і рэкамендацыі. Я напісаў ім адказ, што кніга пісалася для школьнікаў, а не для падраздзяленняў ВДВ.
У той час, калі я яе складаў, мне многія казалі, што яна нікому не будзе патрэбна, будзе незапатрабаваная і нецікавая. Цяпер яе знайсці складана. Час паказаў, што кніга была зроблена правільна, інакш бы яе не скрадалі.
У маскоўскім падручніку напісана, што кніга з’яўляецца адзіным унікальным дапаможнікам па выжыванні ў экстрэмальных умовах, заснаваным на вопыце падрыхтоўкі спецназа ГРУ і ВДВ, а таксама матэрыялах навуковых даследаванняў. | ||
Чым адрозніваюцца сучасныя турысты ад “савецкіх”?
У савецкі час было гонарам набраць у адпачынку пяць кілаграм. Гэта забытая фраза, калі так зараз сказаць – засмяюць.
Цяпер людзі хочуць актыўна адпачываць, удзельнічаць у мерапрыемствах, катацца на лыжах, квадрацыклах, гідрацыклах, таму што стала мала рухавай актыўнасці.
Усе сядзяць: у машыне, на працы і дома на канапе. Вынесці смецце і схадзіць у магазін – гэта ўжо экстрэмальная сітуацыя ў наш час.
Тады ж турызм дзяліўся на планавы і самадзейны. Планавых турыстаў мы пагардліва называлі “матраснікі”. Такіх людзей, куды б яны не паехалі, усюды чакаў ложак. Цяпер гэта, наадварот, прэстыжна і зусім не сорамна. Сучасныя турысты нават могуць абмяркоўваць колер бялізны.
Самадзейнымі турыстамі былі тыя рамантыкі, хто сам збіраўся і хадзіў ў паходы, хто любіў прыроду і мог там выжыць. Тады практычна не было карт і абсталявання, толькі энтузіязм і жаданне. Пра спецназ тады ніхто не казаў.
А як вы абыходзіліся без мап і адмысловага рыштунку?
У савецкі час была праблема дастаць мапу. Гэта быў узровень дзяржаўнай таямніцы. Шматлікія мапы ўжо лічылася сакрэтнымі. Мы малявалі мапы самі. У многіх турыстаў з-за гэтага пастаянна ўзнікалі праблемы, бо ўсплывалі пытанні: адкуль мы іх бярэм і навошта?
Раней і намёты былі дрэнныя, таму ў кнізе трэба было апісаць, як іх паставіць. Цяпер яны такія, што кожны можа самастойна з гэтым справіцца.
Аднак гэта не значыць, што агульныя правілы выжывання адмяняюцца. Горы помсцяць тым, хто ставіцца па-наплявальніцку да бяспекі.
Сённяшнія веды для турыстаў не патрабуюць таго вопыту, які быў у нас. Нам патрэбныя былі навыкі практычна без падрыхтоўкі праходзіць у цяжкадаступных месцах. На той час было зразумела, што трапіўшы ў крытычную сітуацыю, чалавек у адзіночку не зможа выжыць.
Аднак жа ёсць прыгодніцкая праграма “Выжыць любым коштам” на канале Discovery, у якой вядучы у разнастайных дзікіх месцах паказвае гледачам, як выжыць і знайсці дапамогу ў адзіночку?
У гэтай перадачы ідзе спроба сімуляваць сітуацыю. Многія рэчы нельга і небяспечна паказваць! У людзей гэта выклікае ілюзію, што гэта можна пераадолець.
Я разумею, калі чалавека паставілі на грань выжывання. Выжыванне – гэта мастацтва магчымага! Гэта калі з таго, што ў цябе ёсць, ты выбіраеш найбольш аптымальны варыянт.
У кожным выпуску перадачы там трэба пускаць чырвоную нітку: не паўтараць! Небяспечна для жыцця! Я б яшчэ праз коску паставіў слова: імітавана!
У многія рэчы я наогул не веру. Напрыклад, калі ўзяць выпуск, дзе ён паказвае, як выжыць, скокнуўшы са скалы на дрэва, і па ім саслізгвае ўніз. Па-першае, трэба памятаць, што ён падрыхтаваны чалавек, былы салдат спецназу. Па-другое, гэта імітацыя сітуацыі. Па-трэцяе, гэта шоў. Мы не бачым, што адбываецца там, куды не трапляе аб’ектыў камеры.
Калі чалавека кінуць аднаго ў экстрэмальныя ўмовы без падрыхтоўкі і досведу – гэта раўназначна забойству.
Як тады падрыхтаваць сучасную моладзь, каб яна магла аб сабе паклапаціцца ў экстрэмальнай сітуацыі?
Цяпер паўстала масавая праблема, якую мы называем “тэлевізійныя дзеці”. Падлеткі ўбачылі па тэлевізары, што можна прайсці па гэтай тэрыторыі і вырашылі, а чаму не? Яны ж не разумеюць з чым сутыкнуцца.
Ніхто не адмяняе абмаражэння, траўмы, здарэнні на вадзе. Павінны стварацца новыя ўмовы, каб дзеці адыходзілі ад тэлевізараў.
Зараз у Гродне ёсць моцны турыстычны актыў. Можна знайсці каля 50 чалавек, якія самі сябе рыхтуюць і трэніруюцца.
Вось нядаўна гродзенская маладзь начавала на Аўгустоўскім канале. Яны рыхтавалі сябе да зімовых паходаў: правяралі, ці гатовы іх рыштунак, ці могуць яны арганізаваць сабе начлег і харчаванне, зрабіць лазню. Перад тым як ісці ў горы, яны праходзяць спецыяльную падрыхтоўку і рухаюцца па прыступках.
Дзе цяпер можна атрымаць навыкі выжывання?
Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз – аснова развіцця і трэніроўкі навыкаў выжывання. Ёсць сайт, ёсць турыстычныя клубы, дзе ўсяму можна навучыцца.
Зараз быў чэмпіянат па тэхніцы лыжнага турызму. Фактычна, гэта выжыванне зімой у лесе і гарах. У час спаборніцтваў удзельнікі павінны былі прыгатаваць ежу, паказаць тэхніку выжывання, ім ставіліся пэўныя перашкоды. Напрыклад, прайсці праз рэчку ў мароз з дапамогай спецыяльных тэхнік.
У Беларусі вышэй другой катэгорыі складанасці паходаў няма. Аднак ёсць раёны балот, дзе можна знайсці, пры жаданні, прыгоды і штучна зымітаваць сітуацыю. Або ўзяць складаныя паходныя ўмовы, напрыклад мароз. Каб выжыць у прыродзе, трэба мець адмысловыя навыкі і веды.
У кнізе ёсць раздзел “выжыванне на тэрыторыі ваенных дзеянняў”. Адкуль браўся гэты досвед?
У часы перабудовы Гродзенскі полк удзельнічаў у Карабахскім канфлікце, ён стаў на размежаванні Арменіі і Азербайджана. Пасля вяртання яны дзяліліся са мной сваім вопытам.
Таксама тут ёсць і мой асабісты досвед удзелу ў ліквідацыі Чарнобыльскай аварыі. У 1986 годзе я быў там з Гродзенскім палком, калі высялялі людзей. Пазней мы зачынялі гэтыя тэрыторыі.
Я напісаў пра тое, што рабіць, калі адбываецца экстрэмальная сітуацыя. Для людзей тады яна была падобная на ваенныя дзеянні: той кашмар, калі ім прыйшлося з’язджаць з мінімумам рэчаў у надзеі на хуткае вяртанне.
З моманту выхаду кнігі прайшло 17 гадоў. Вы думалі пра яе працяг?
Ідэя пра тое, што будзе працяг, была адразу. І працяг ужо ёсць. Але перад тым, як кідацца ў бой і друкаваць нешта, трэба спачатку зразумець для каго.
Першая кніга была напісана для школьнікаў, а цяпер гэта ўжо будзе дапаможнік для спецыялістаў. Для актыўнага турызму патрэбныя інструктары-прафесіяналы, якія могуць забяспечыць максімальную бяспеку.
Цяпер гэта зусім іншыя веды, іншы вопыт і іншая кніга – падручнік па выжыванні для сучасных умоў. Сёння людзям патрэбна антыэкстрэмальнасць.
Здымкі аўтаркі