Выбары Папы Рымскага рыхтуе моладзь

|

Сусветнай моладдзю створаны адмысловы сайт аdoptacardinal.org для малітоўнай падтрымкі кардыналаў, што будуць выбіраць кіраўніка Каталіцкай царквы. Кожнаму ахвотнаму маладому чалавеку даручаецца адзін канкрэтны кардынал. Мэтай суполкі з’яўляецца духоўная апека над кожным са 117 выбаршчыкаў, каб Дух Святы дапамог ім зрабіць правільны выбар.

 

Каб далучыцца да малітвы, трэба зайсці на сайт і запоўніць анкету (імя, прозвішча і e-mail). На скрыню карыстальніка дасылаецца партрэт і біяграфія аднаго з кардыналаў, за якога добраахвотнік будзе маліцца ў час працы канклава.

 

Да моладзевай ініцыятывы ўжо далучылася больш за 170 тысяч чалавек з усяго свету, сярод іх – гарадзенская моладзь.

 

Карэспандэнт “Твайго Стылю” запытаў гарадзенскіх чальцоў суполкі, чаму яны далучыліся да сусветнай малітоўнай актыўнасці?

 

 

 

Ганна, 24 гады, інжынер-праектоўшчык, моліцца за кардынала з ЗША: “Я – каталічка, і лічу сваім абавязкам малітоўна падтрымаць кардыналаў у выбары Святога Айца. Я веру, што праз Духа Святога выпрашу ласку для гэтага. Хачу аб’ядноўвацца з моладдзю свету ў малітве. Магчыма, я малюся за будучага Папу Рымскага.

 

Лічу, што выбар новага Папы важны і для каталікоў, і для звыклых грамадзянаў. Царква патрабуе добрага кіраўніка, бо мы жывем у цяжкія часы. Цяпер ідзе тэндэнцыя да сбліжэння і супрацоўніцтва Ватыкана і Беларусі, таму важна, хто будзе біскупам Рыму. Папа – узор маральнасці, сумленне сучаснага свету. Важна, думаю, каб і ў гарадзенцаў быў маральны ідэал. Для мяне Папа – прыклад чалавека, як можа жыць хрысціянскімі каштоўнасцямі ў сённяшнім свеце”.

 

Алена, 35 год, настаўнік фізкультуры, моліцца за кардынала з Мексыкі: “Малюся, бо будуць выбіраць менавіта кардыналы, каб іх вёў Святы Дух. Я хачу не заставацца староннім назіральнікам, а ўвайсці ўнутр, быць разам з кардыналамі духоўна.

 

Даслала гэтую прапанову толькі практыкуючым каталікам. Цяпер шырока абмяркоўваюць сыход Папы ў СМІ, але, думаю, што выбар новага Пантыфіка ніяк не паўплывае на жыццё няверуючых гарадзенцаў”.

 

Лёша, 24 гады, моліцца за кардынала з Ліссабона: “Усе навокал кажуць, што святары ў нас такія дрэнныя, а ніхто ані разу не памаліўся за тых святароў, каб яны былі талковымі. Адпаведна экстрапаліруем гэты падыход на Папу.

 

Не тое, каб без нашай малітвы зусім ужо кепска было з новым Пантыфікам, але пасля Бенедыкта планка высока ўзнята – не так шмат такіх выбітных дзеячоў ёсць у Касцёла. Таму трэба маліцца за правільны выбар.

 

Выбар Папы для гарадзенцаў, лічу, зусім няважная справа, так, медыйны шум, не больш. Для каталікоў – вельмі важна, але для рэшты, лічу, проста навінка і ўсё”.

 

Насця, 26 год, перакладчык, моліцца за кардынала з Германіі: “Па-першае, з гэтых кардыналаў выйдзе Папа. А ён настолькі важны для гісторыі, што мы проста не можам сабе ўявіць. Па-другое, на кардыналах адказнасць за выбар Папы. Трэба прасіць Святога Духа аб святле, каб выбар быў правільны.

 

Па-трэцяе, дагэтуль не малілася ў інтэнцыі канклава, бо гэта нешта абстрактнае для мяне. Вельмі спадабалася ўзяць аднаго кардынала, бо асоба з’явілася перада мной. Цяпер малюся і за ўсіх, і за яго. Па-чацвёртае, Папа часта ўплывае на ход падзей у гісторыі. Маральныя ўстаноўкі, якія ён дае (забарона абортаў, эўтаназіі), уплывае па прыкладзе сумежных сасудаў.

 

Калі Папай стане кардынал, які бліжэй гарадзенцам, напрыклад, кардынал Тарчызіо Бэртонэ, то гэта пэўна будзе чымсьці асаблівым”.

 

“У гэты асаблівы момант прашу вас маліцца за мяне і за Касцёл, давяраючы, як заўсёды, Божаму Провіду”, – напісаў 24 лютага ў Твітэры Бэнэдыкт XVI. 

 

 

Выбары Пантыфіка адбудуцца ў сакавіку. Прадстаўнікі Беларусі не будуць прымаць удзел у канклаве, бо апошні беларускі сучасны кардынал Казімір Свёнтэк памёр у 2011 годзе.

 

Як паведамляе catholic.by, Бэнэдыкт XVI змяніў правілы выбару Пантыфіка. Цяпер для абрання на Святы Пасад кандыдат павінен атрымаць прынамсі 2/3 галасоў удзельнікаў канклава, незалежна ад таго, якое па чарзе гэта было галасаванне. Раней, пасля 33 няўдалых галасаванняў, у якіх немагчыма было вызначыць Папу, дастаткова было ўжо простай большасці галасоў.

 

На здымках:

1. Апячатванне дзвярэй папскіх апартаментаў

2. Бенедыкт XVI сыходзіць з балкону летняй рэзідэнцыі пасля апошняга публічнага выступу

Здымкі gosc.pl